Супрацоўніка нямецкай разведкі западозрылі ў шпіянажы на карысць Расіі
Супрацоўнік Федэральнай разведвальнай службы Германіі Карстэн Л. (Carsten L.) затрыманы па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе, у прыватнасці ў шпіянажы на карысць Расіі. Затрыманне адбылося 21 снежня і было санкцыянавана Федэральнай пракуратурай ФРГ, паведамляе Deutsche Welle.
22.12.2022 / 21:28
Неўзабаве пасля гэтага стала вядома, што следчы суддзя Федэральнай судовай палаты яшчэ 16 снежня выдаў ордар на арышт Карстэна Л. Цяпер таго папярэдне затрымалі.
Сёлета падазраваны перадаў «адной з расійскіх спецслужбаў» звесткі, якія ўяўляюць сабой дзяржаўную таямніцу.
У яго жыллі і на працоўным месцы ўжо прайшлі ператрусы, заявілі ў сваю чаргу ў Федэральнай пракуратуры Германіі.
Акрамя таго, пад ператрусы патрапілі жыллё і працоўнае месца «яшчэ адной асобы», а таксама два офісы разведслужбы ў Берліне і Пулаху.
Федэральная разведвальная служба не раскрывае падрабязнасцяў абвінавачання, адзначыўшы, што «стрыманасць і прыватнасць вельмі важныя ў гэтым асаблівым выпадку».
«У выпадку з Расіяй мы маем справу з актарам, які адрозніваецца беспрынцыповасцю і гатоўнасцю да гвалту. Кожная раскрытая дэталь дасць суперніку перавагу ў намеры нанесці шкоду Германіі», — сказаў кіраўнік Федэральнай разведвальнай службы Бруна Каль.
Паводле яго слоў, поспех расследавання шмат у чым залежыць ад таго, каб як мага менш інфармацыі стала здабыткам грамадскасці, пакуль пракуратура не завершыць следчыя мерапрыемствы.