Ці вінаватая Ціханоўская ў тым, што Лукашэнка не выпускае палітвязняў?
У фэйсбуку актывізавалася даўняя тэма — хто вінаваты ў тым, што стан з палітвязнямі ў Беларусі не толькі не паляпшаецца, але нават пагаршаецца? Можа, тут віна не толькі рэжыму, але і ягоных апанентаў, якія займаюць нягнуткую пазіцыю і не хочуць яе мяняць? І якая пазіцыя больш слушная і канструктыўная — ціск на рэжым ці згода на ягоныя ўмовы?
23.12.2022 / 19:09
Спачатку дарадца Святланы Ціханоўскай Францішак Вячорка выказаўся адносна дастаткова папулярных закідаў у адрас Офіса Ціханоўскай, што ён нічога не робіць для таго, каб палітвязні апынуліся на волі. Ён з гэтым не згодны і прыводзіць некалькі канкрэтных прыкладаў, калі рэжыму спрабавалі ісці насустрач, але не атрымлівалі нічога істотнага ў адказ:
«Былі зробленыя шматлікія спробы дабіцца вызвалення, любога дыялогу ў гэтым пытанні. Мы задзейнічалі ўсе наяўныя механізмы.
Пэўныя спробы рабіў спецпасланнік Кент Харштэт, падчас шведскага старшынства ў АБСЕ. Прыязджаў у Менск, дамаўляўся, і потым нічога не адбывалася. ААНаўскія чыноўнікі (без імёнаў) перадавалі спісы на вызваленне па гуманітарных прычынах. Некалькі паслоў еўрапейскіх краін, якія працягваюць працу ў Мінску, асабіста сустракаліся з Макеем на гэтую тэму. Прадстаўнік ПАРЕ працягвае весці камунікацыю з МЗС, каб дабіцца вызвалення ці хаця б запусціць працэс. Некаторыя дзяржавы прапаноўвалі вывезці вызваленых з краіны. Швейцарскі цэнтр гуманітарнага дыялогу на працягу двух гадоў спрабуе праводзіць кансультацыі ў Менску па вызваленні палітвязняў, але гэта нікуды не прывяло».
Вячорка адзначае, што механізм абяцання саступак рэжыму ў адмен на вызваленне палітвязняў таксама прымяняўся:
«Мы чулі, што ў прыватных размовах рэжым абяцаў вызваліць ледзь не 300 палітвязняў (у розных крыніцах лічба розная) у межах анансаванай амністыі.
І гэта б магло прыпыніць увядзенне санкцыяў. Праз гэта абяцанне нават было адкладзена прымяненне санкцыяў. Але час мінуў — нікога не вызвалілі».
Агульная выснова такая:
«На працягу апошніх дзесяцігоддзяў палітвязняў вызваляў найперш ціск. Калі у Менск прыязджаў Дэйвід Крэймер і прыгразіў магутнымі санкцыямі ЗША, палітвязні былі вызваленыя цягам некалькіх месяцаў. Магчыма, пакуль у Менску не адчуваюць, што пагроза санкцыяў дастаткова моцная, каб ісці на саступкі».
Іван Краўцоў
Запярэчыў Вячорку таксама ў фэйсбуку прадстаўнік каманды палітзняволенага Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў. Ён пагадзіўся, што
«ўлады Беларусі на сённяшні момант не гатовыя весці прадметную размову. У іх няма разумення, як выходзіць з сітуацыі, у якой яны апынуліся. І самае галоўнае — няма разумення складанасці гэтай сітуацыі».
У той жа час не з усім сказаным Вячоркам ён згодзен. Тых жа намаганняў еўрапейскіх структур па дасягненні паразумення з рэжымам, якія дарадца Ціханоўскай пералічыў, Краўцоў не адмаўляе, але сцвярджае, што гэтыя намаганні былі прыкладзеныя імі па ўласнай ініцыятыве, а Офіс Ціханоўскай быў да ўсяго гэтага ні пры чым. Паводле яго, на ўсіх сустрэчах з еўрапейскімі палітыкамі, на якіх ён прысутнічаў,
«пазіцыя Офіса Ціханоўскай заўсёды была адназначная: а) ніякіх кантактаў з рэжымам; б) усе палітвязні павінны быць вызваленыя без умоў, і толькі потым магчымыя перамовы»; в) «ніякага гандлю з рэжымам».
У выніку, як лічыць Краўцоў, «у рамках стратэгіі «дэлегітымізацыі рэжыму» рабіліся намаганні, каб гэтых механізмаў для абмеркавання тэмы палітвязняў не рабілася больш».
У выніку, канстатуе грамадскі актывіст:
«а) поспехаў на гэтым кірунку практычна няма; б) рэжым не гатовы абмяркоўваць вызваленне палітвязняў.
І нарэшце, практычная прапанова, якая мае прывесці да поспеху ў вызваленні палітвязняў:
«Офісу як лідзіруючай знешнепалітычнай камандзе варта не сабатаваць гэтыя працэсы, а прынамсі заняць нейтральную пазіцыю».