«​Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі?» Святлана Ціханоўская адказала на крытыку адносна тактыкі вызвалення палітвязняў

Апошнім часам узнавіліся дыскусіі з нагоды таго, як дэмакратычныя сілы мусяць дзейнічаць, каб вызваліць палітвязняў. Прадстаўнік каманды палітзняволенага Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў заявіў, што Офіс Святланы Ціханоўскай прыкладае недастаткова намаганняў для арганізацыі перамоў з рэжымам. Гэта стала штуршком для новага абмеркавання. Святлана Ціханоўская адказала на прэтэнзіі, якія гучаць у публічнай прасторы.

25.12.2022 / 16:30

Святлана Ціханоўская. Фота: Flickr

«За апошнія два гады я правяла сотні сустрэч, і на кожнай з іх казала пра тое, як вызваліць палітвязняў, спыніць катаванні, рэпрэсіі, што яшчэ трэба зрабіць, каб як мінімум палепшыць умовы ў турмах. Праз ААН і Чырвоны Крыж мы спрабуем выратаваць жыццё тым, хто ў кепскім фізічным стане. На кожнай сустрэчы я кажу пра дапамогу для адвакатаў і для сем'яў палітвязняў. У сотняў з іх з'явіліся хросныя сярод палітыкаў, якія не даюць свету забыцца пра тых, хто ў турмах», — даводзіць Ціханоўская.

Яна нагадвае, што за кратамі застаецца яе муж Сяргей Ціханоўскі, з якім ужо трэці год яна трымае сувязь толькі праз адваката.

«У многіх у нашай камандзе бліжэйшыя сваякі, не кажучы ўжо пра сяброў ці знаёмых, знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах. Ва ўсіх у камандзе ёсць свая асабістая матывацыя як мага хутчэй вызваліць палітвязняў. Таму ні палітычна, ні эмацыйна я не магу зразумець: што маецца на ўвазе, калі хтосьці кажа, што «Офіс сабатуе выхад палітвязняў», — кажа Святлана Ціханоўская.

Яна звяртае ўвагу, што гатовая прыняць крытыку для паляпшэння працы, але не бачыць канкрэтных прапаноў, як трэба дзейнічаць. 

«Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі? Тады агучце: кім? Як? Дзе? На якіх умовах? У якім парадку? Якія гарантыі? Што зрабіць, каб не пагоршыць праблему? Абменьваць палітвязняў на зняцце санкцый? Фактычна — пераконваць Захад зняць санкцыі, якія былі ўведзеныя ў адказ на парушэнне міжнароднага права і пагрозу іх інтарэсам: захоп самалёта, міграцыйны крызіс, удзел у ваеннай агрэсіі?» — задае пытанні Ціханоўская. 

Яна перакананая: рэжым ведае, што вызваленне палітвязняў і спыненне саўдзелу ў вайне можа стрымаць увядзенне санкцый і нават, магчыма, здыме некаторыя дзейныя. Бо не Офіс, не беларусы і не Ціханоўская ўводзяць гэтыя санкцыі, а краіны Еўрасаюза, ЗША і іншыя — у адказ на злачынствы. І, нягледзячы на гэта, рэжым толькі закручвае гайкі, разбурае лёсы, заганяе людзей у галечу.

Святлана Ціханоўская акцэнтуе, што нельга дапусціць, каб, калі адпусцяць кагосьці аднаго, набралі ў закладнікі новых двух. На яе думку, трэба паслядоўна патрабаваць вызвалення ўсіх. Але спыненне новых арыштаў і вызваленне хоць нейкай колькасці чалавек магло б стаць сігналам, што рэжым гатовы змяняць паводзіны і пачынаць дыялог. 

«Для мяне і маёй каманды вызваленне палітвязняў было і застаецца прыярытэтам, і я гатовая пачуць усе канкрэтныя прапановы аб тым, як менавіта гэта зрабіць. Я адкрыта да грамадскага абмеркавання гэтага пытання, каб мы разам пагадзіліся або аспрэчылі прапанаваны план», — падсумавала яна.

Nashaniva.com