Маск адказаў на «эпічны» трэд Мядзведзева: «Cамыя абсурдныя прагнозы, якія я калі-небудзь чуў»

Адзін з найбагацейшых людзей свету Ілан Маск чарговы раз праявіў цікавасць да расійскага сегмента твітара, які набыў сёлета, і пракаментаваў «футурыстычны» прагноз намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева на 2023 год, піша РБК.

27.12.2022 / 11:52

Ілан Маск. Фота: AP

Мядзведзеў, чыя рыторыка стала вельмі рэзкай і грубай падчас вайны, напярэдадні ўвечары стварыў трэд прадказанняў: нафта па 150 даляраў, газ за 5 тысяч даляраў за кубаметр, распад Еўрасаюза, грамадзянская вайна ў ЗША і г.д. Яшчэ адна фантазія заключалася ў тым, што Польшча і Венгрыя акупуюць заходнія вобласці «былой Украіны».

А Маску Мядзведзеў прадказаў перамогу на выбарах. Невядома, ці спадабалася гэта прадказанне самому бізнэсмену, але ён адгукнуўся і назваў трэд Мядзведзева «эпічным».

Пасля чаго раскрытыкаваў напісанае былым прэзідэнтам Расіі: «гэта, безумоўна, самыя абсурдныя прагнозы, якія я калі-небудзь чуў, яны дэманструюць дзіўную адсутнасць дасведчанасці аб прагрэсе штучнага інтэлекту і ўстойлівай энергетыкі».

Nashaniva.com