Ігар «Янкі» патлумачыў прычыну стварэння Беларускага добраахвотніцкага корпуса
27.12.2022 / 14:43
Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне супраць расійскіх войскаў, Ігар «Янкі» Янкоў, Андрэй «Несмяротны» Трацэўскі і Радзівон «Гена» Батулін 25 снежня абвясцілі аб стварэнні Беларускага добраахвотніцкага корпуса. Сёння Ігар «Янкі» размясціў кароткі зварот на ютубе.
Ён распавёў, што ёсць шмат пытанняў з нагоды стварэння БДК і больш інфармацыі будзе пазней.
«Цяпер толькі скажу, што прычынай стварэння БДК перш-наперш стала нязгода з тым, што беларускіх ваяроў спрабуюць палітызаваць. Вайна цяпер тут, ва Украіне, мы бачым яе на свае вочы. Перамога ў гэтай вайне для Беларускага Добраахвотніцкага Корпуса — гэта самы галоўны прыярытэт», — сказаў ён.
Ён дадаў, што пытанні на ўступ навабранцаў Корпус пакуль не разглядае.
«Мы на перадавой і цяпер працуем толькі з пераходамі да нас тых, хто ўжо мае баявы досвед і рэпутацыю», — сказаў Ігар «Янкі».
Беларускі добраахвотніцкі корпус — беларускае вайсковае падраздзяленне ў складзе Узброеных сіл Украіны.
«Мэта — дэакупацыя Украіны і Беларусі з расійскага палону. Намеры — кожны дзень пацвярджаюцца знішчэннем ворага на фронце», — гаворыцца ў падводцы да відэа з заявай пра стварэнне Корпуса.