Цэнтр беларускай салідарнасці: Беларусам часта адмаўляюць у выдачы гуманітарных віз унутры Польшчы

Цэнтр беларускай салідарнасці, які месціцца ў Варшаве, правёў аналіз зваротаў беларусаў па гуманітарныя візы ў Польшчы і заўважыў, што адмоў дастаткова шмат. Падставай для адмовы ў выдачы візы можа служыць паездка пры наяўнасці папярэдняй падобнай візы ў Беларусь, піша тэлеграм-канал «Позірк». 

28.12.2022 / 21:31

«Даволі шмат адмоў прыходзіць. Калі чалавек атрымлівае адмову, ён нават не ведае, з якой прычыны яе атрымаў. Часцей за ўсё адзначаецца падазрэнне, што віза будзе выкарыстоўвацца не па мэтавым прызначэнні», — паведаміла юрыстка ЦБС Марына Грышчанка.

Грышчанка рэкамендавала грамадзянам Беларусі пры адмовах у візе ініцыяваць працэдуру паўторнага разгляду. У такім выпадку неабходна звяртацца ў МЗС. У выпадку паўторнага адмоўнага рашэння абскардзіць яго немагчыма.

Прыём заяў на гуманітарныя візы на тэрыторыі Польшчы пачаўся 22 верасня ў візавых цэнтрах VFS Global у Варшаве, Познані і Любліне.

Першапачаткова ЦБС фіксаваў масавыя адмовы ў прыёме дакументаў. Паводле слоў Грышчанкі, зараз іх прымаюць значна лепш.

Аднак частай прычынай адмоў застаецца недастатковая колькасць пустых старонак у пашпарце.

Nashaniva.com