«Адмова ад свабоды і права нешта самастойна вырашаць узамен за гарантаваны паёк». Гісторык — пра беларусаў пры СССР
Сёння споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Што гэты перыяд даў беларусам, а што забраў? Пры кім з кіраўнікоў Саветаў жылося лепш? Ці мы застаёмся «савецкімі людзьмі»? На пытанні адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
30.12.2022 / 19:15
Вайсковы парад, прысвечаны 66-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, Масква, 1983 г. Фота: Thomas Hedden
Як утварэнне СССР успрымала тады беларуская інтэлігенцыя і просты народ?
— Для таго, каб адказаць на гэта пытанне, трэба памятаць, у якіх умовах адбывалася ўтварэнне СССР. Гэта канец 1922 года, а да таго амаль дзесяцігоддзе няспынна ішлі войны і рэвалюцыі. Увесь ранейшы лад жыцця быў парушаны, і бадай што ўсё грамадства тады па-сапраўднаму хацела толькі аднаго — нейкага спакою, пэўнасці і стабільнасці.
Пытанне пра ўладу на тэрыторыі былой Расійскай імперыі да 1922 года было ўжо канчаткова вырашана, міжнародная сітуацыя стабілізавалася, дзяржаўныя межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе на наступнае амаль дваццацігоддзе акрэсліліся.
Стала сярод іншага відавочна і тое, што марам пра асобную беларускую дзяржаўнасць здзейсніцца на гэты момант не суджана: больш за тое, нацыянальная тэрыторыя аказалася падзеленая дзяржаўнымі межамі.
У такой сітуацыі не заставалася іншага выбару, як толькі прыстасоўвацца да наяўнай сітуацыі і ўладкоўваць сваё жыццё ў гэтай сістэме, нават калі яна не ўсім падабаецца.
А да 1922 года савецкая сістэма ўжо стала, так бы мовіць, не зусім адназначнай. Тыя радыкальныя эксперыменты ва ўсіх сферах жыцця, якія бальшавікі спрабавалі ставіць адразу пасля прыходу да ўлады і якія выклікалі вялікае незадавальненне ды супрацьдзеянне, накшталт ваеннага камунізму і прадразвёрсткі, былі згорнутыя. На змену ім прыйшла новая эканамічная палітыка, якая ўводзілася нібыта «ўсур'ёз і надоўга». А паколькі многія сяляне да таго ж атрымалі ў выніку падзелу памешчыцкіх маёнткаў дадатковыя надзелы зямлі, то ў іх былі падставы глядзець у будучыню з, прынамсі, стрыманым аптымізмам. Чым гэта ўсё пасля скончылася — мы ведаем, але тут гаворка пра пачатак 1920-х.
Аптымізму надавала тады і новая нацыянальная палітыка бальшавікоў. Афіцыйна палітыка беларусізацыі — як і іншыя падобныя палітыкі ва ўсёй краіне — яшчэ не была абвешчаная, але ўжо выразна пазначылася. Таму ў нацыянальнай інтэлігенцыі ўзнікла адчуванне, што ў гэтай сістэме можна будзе нешта істотнае рабіць і для нацыянальнай справы.
Прытым верай гэтай прасякаліся не толькі тыя, хто жыў у СССР, але і эмігранты, якія пакрысе пачыналі вяртацца на радзіму, каб там далучацца да нацыянальнага будаўніцтва.
Што да ўласна той падзеі, 100-годдзе якой спаўняецца сёння, то ёй фактычна было толькі вызначана, якую форму будзе мець бальшавіцкая дзяржава, як яна будзе ўладкаваная ўсярэдзіне.
І тая форма, на якой урэшце спыніліся і дамову аб якой падпісалі 30 снежня 1922 года, была, трэба прызнаць, зусім някепская, ледзь не ідэальная, якая магла быць з пункту гледжання нашых нацыянальных інтарэсаў у тых умовах. Бо была фактычна рэалізаваная ленінская канцэпцыя федэралізацыі замест альтэрнатыўнай сталінскай аўтанамізацыі. У гэтай сістэме новая дзяржава не называлася Расіяй, а Расія была толькі адной з рэспублік, фармальна роўнай з іншымі, у тым ліку і Беларуссю. Усе саюзныя рэспублікі набывалі квазідзяржаўнае ўладкаванне, якое шмат дзесяцігоддзяў было, канешне, збольшага бутафорыяй. Але бутафорыяй не бескарыснай: у пэўных гістарычных абставінах яна напоўнілася рэальным зместам, і гэта паспрыяла адносна мірнаму распаду СССР у пачатку 1990-х з атрыманнем незалежнасці нават тымі рэспублікамі, якія да таго не былі цалкам маральна гатовыя. Ды і магчымасці культурнага развіцця для тэрыторый у статусе саюзнай рэспублікі былі куды большыя, чым пры простай аўтаноміі ў складзе РСФСР.
То-бок само па сабе стварэнне ў канцы 1922-га менавіта Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а не нейкай іншай формы ўладкавання мела для нашай будучыні значэнне пазітыўнае. Альтэрнатывы гэтаму — рэальныя, а не тэарэтычна-ілюзорныя — былі горшыя.
Таму і ўспрымалася гэта тады і народам, і інтэлігенцыяй, прынамсі, не негатыўна. Лепш мець хоць такія магчымасці, чым ніякіх.
Пры кім з кіраўнікоў СССР беларусам лепш жылося?
— Тут адказ, думаю, адназначны —
«залатым» часам для беларусаў у часы СССР, па якім многія з іх звычайна і настальгуюць, стаў перыяд брэжнеўскага застою. Зрэшты, не толькі для беларусаў, але і, відаць, для ўсіх народаў Савецкага Саюза.
Гэта быў акурат той час, калі савецкая ідэалогія ўжо адбурліла і фармалізавалася, ёй канчаткова перасталі гарэць нават партыйныя эліты. Ніхто ўжо па-сур’ёзнаму не марыў пра сусветную рэвалюцыю, і хоць па інерцыі выдаткоўваліся каласальныя грошы на падтрымку замежных кампартый і дыктатараў, якія выказвалі жаданне будаваць камунізм дзе-небудзь у азіяцкіх джунглях ці афрыканскіх саванах, усё ж такі ўлазіць у надта буйныя авантуры, якія вымагалі б звышнапружання сілаў усяго грамадства, савецкае кіраўніцтва большую частку гэтага перыяду ў цэлым ахвоты не мела.
Пэўнае выключэнне — Афганістан на заключным этапе, але і гэтая злачынная вайна засталася ў выніку ўсё ж лакальнай, усеагульнай мабілізацыі не вымагала.
У той жа час акурат у гэты перыяд савецкая дзяржава стала мець шмат нафтадаляраў, частка якіх выдаткоўвалася і на сацыяльную сферу. Гэта дазваляла крыху павышаць агульны ўзровень жыцця і больш-менш выконваць дзяржаўную частку так званага «сацыяльнага кантракта», які ў той час канчаткова аформіўся і сутнасць якога была ў тым, што насельніцтва не лезе ў палітыку і не аспрэчвае манаполіі Камуністычнай партыі на ўладу, а тая ў адказ забяспечвае насельніцтву больш-менш годныя ўмовы існавання і нават імкнецца да іх няўхільнага паляпшэння.
Вядома, у параўнанні з тым, як жыў заходні свет, умовы жыцця ў Савецкім Саюзе і ў брэжнеўскія часы былі, скажам прамым тэкстам, убогія. Але калі параўноўваць з тым, што было ў СССР раней, то прагрэс, канешне, быў дзякуючы таму, што савецкая эканамічная сістэма тады яшчэ сяк-так працавала.
Да таго ж людзі пры ўмове прыняцця ўсіх правіл гульні сталі пачуваць сябе больш-менш у бяспецы, бо ад масавых рэпрэсій і ГУЛАГа пасля смерці Сталіна дзяржава адмовілася. Розных імпульсійных кіданняў у крайнасці і шараханняў, характэрных для перыяду хрушчоўскага кіравання, пры Брэжневе таксама амаль не стала.
Карацей, людзі тады на 10—15 гадоў набылі, нарэшце, адносны спакой і больш-менш «сытае» існаванне, у чым пасля папярэдніх дзесяцігоддзяў надзвычайнага напружання сілаў і ахвяравання ўсім дзеля хімерных ідэалаў відавочна мелі патрэбу. Але гэта не працягнулася доўга, бо неўзабаве пад цяжарам уласных грахоў разам з рэзкім падзеннем сусветных цэнаў на энерганосьбіты абрынулася крайне неэфектыўная савецкая планавая эканоміка.
СССР малююць як дзяржаву, якая клапацілася пра людзей. Ці гэта карцінка адпавядае рэальнасці?
— СССР не быў увесь час аднолькавым, на розных этапах у ім было па-рознаму. У сталінскія часы дзяржава фактычна ад людзей толькі брала і мала што ім давала ўзамен. Пасля сітуацыя, вядома, мянялася ў лепшы бок, але ўсё адно ніколі не было такога, каб савецкая дзяржава была для сваіх грамадзян клапатлівай маці, якая адорвала іх звышдабротамі, не вымагаючы нічога ўзамен. Існаванне такой савецкай дзяржавы — міф, хоць сярод пэўных колаў насельніцтва і вельмі распаўсюджаны.
Карані ж такога міфа — у тым, што савецкая дзяржава праз камандна-адміністрацыйную сістэму ўсе функцыі па размеркаванні рэсурсаў, якія ва ўмовах капіталізму выконвае свабодны рынак, цалкам завязала на сабе.
І таму людзям з не надта крытычным мысленнем можа падавацца, што вось гэта яна была такая добрая і ўсё ўсім давала са сваёй кішэні. А адкуль што ў гэтай кішэні з’яўлялася — такое пытанне тыя, хто расхвальвае СССР, як правіла, не ставяць.
З’яўлялася ж менавіта таму, што дзяржава прысвойвала ўсе рэсурсы краіны, у тым ліку і плён цяжкай працы людзей, сабе. А пасля ўжо «шчодрай рукой» тым жа людзям нібыта раздавала «падарункі», прытым далёка не заўсёды эквівалентныя той працы і тым ахвярам, якія «ашчасліўленыя» самі ў стварэнне гэтых дабротаў уклалі.
Як выглядаў савецкі лад жыцця? Усё вакол дзяржаўнае, усё спланавана, праца гарантаваная і нават абавязковая, заробкі і цэны стабільныя і не мяняюцца гадамі, ёсць нейкія сацыяльныя гарантыі, якія ўсё больш пашыраюцца, можна разлічваць праз нейкую колькасць гадоў стаяння ў чарзе на кватэру ад завода ці якой іншай арганізацыі, пуцёўку ад прафсаюза на адпачынак і г. д.
І нават маюцца сацыяльныя ліфты: нельга сказаць, што калі ты нарадзіўся ў сям’і бяспраўнага калгасніка ці простага рабочага, то ў цябе ў жыцці зусім ніякіх перспектыў.
Дзяржава забяспечвае адукацыю цалкам за бюджэтны кошт, і калі ты маеш пэўныя здольнасці ды амбіцыі і не пайшоў ад самага маленства па нахільнай, то можаш у выніку зрабіць і зусім неблагую, а то і ўвогуле бліскучую кар’еру, асабліва пайшоўшы па камсамольска-партыйнай лініі. Пры адной, аднак, абавязковай умове — вернасць і лаяльнасць сістэме, прыняцце наяўных правіл гульні.
Але пры гэтым камуністы цалкам адабралі ў людзей свабоду. Мала таго, што ў СССР на ўсіх абсалютна этапах яго развіцця, за выключэннем хіба толькі апошніх пару гадоў, не было палітычнага плюралізму, паўнавартаснай барацьбы ідэй (калі якая і дапускалася, то вельмі абмежавана, строга ў рамках камуністычнай ідэалогіі) —
сістэма намагалася пазбавіць людзей самастойнасці і ў эканоміцы, і ў культуры, і ў іншых сферах, імкнулася зрабіць усе жыццёвыя дасягненні залежнымі ад дзяржавы. Чалавек фактычна не меў магчымасці пайсці ў вольнае плаванне, пачаць свой бізнэс, тварыць па-за межамі дзяржаўных творчых саюзаў, выдаваць нешта не ў дзяржаўных выдавецтвах — недзяржаўных не было як з’явы — і г. д.
У такой сістэме чалавек мог дасягаць нават высокіх вяршынь, мець значны ўзровень асабістага дабрабыту, але ўсе даброты атрымліваў ці непасрэдна ад дзяржавы, ці праз яе пасярэдніцтва. Вядома, жывыя чалавечыя памкненні прарываліся, заўсёды былі людзі, якім было цесна ў гэтай сістэме і якія імкнуліся дзейнічаць у абыход яе. Дзяржава гэтыя праявы «прыватнаўласніцкіх інстынктаў» дэ факта мусіла часта цярпець як «непазбежнае зло» і да іх нават прыстасоўвацца, бо створаная ў ёй сістэма аб’ектыўна не была ў стане закрыць усе патрэбы самастойна, у ёй быў вечны дэфіцыт. Але цярпелася ўсё гэта менавіта як нейкае часовае «зло», якое трэба з часам зжыць. І такі светапогляд дзяржава транслявала праз сваю прапагандысцкую машыну, якая многім затуманіла мазгі вельмі эфектыўна, ствараючы феномен так званага «савецкага чалавека».
Як Cаюз паўплываў на станаўленне беларускай ідэнтычнасці?
— Паўплываў вельмі негатыўна. Асноўнае, на маю думку, да чаго прывяло ўсталяванне савецкай улады і патраплянне беларусаў у сферу правядзення бальшавіцкага сацыяльнага эксперыменту — гэта тое, што беларускае нацыятварэнне, працэс якога быў ужо запушчаны, было не сказаць каб спынена, але пераведзена на іншыя рэйкі. Рэйкі, выгадныя камуністам, але нявыгадныя беларусам — калі глядзець на гэта ўсё з гістарычнай перспектывы.
Як мы ведаем, інстытуцыйна аформлены беларускі рух пачаў развівацца фактычна толькі з пачатку ХХ стагоддзя. Рух гэты быў відавочна слабейшы за аналагічныя рухі ў суседніх народаў, якія пачалі развівацца і шырыцца, прынамсі, на пару дзесяцігоддзяў раней. Але ён дэманстраваў станоўчую дынаміку: устойліва павялічвалася як агульная колькасць беларускіх выданняў, так і колькасць іх чытачоў, да беларускай дзейнасці далучаліся ўсё новыя людзі (не нейкія маргіналы, а таленавітыя ды ідэйныя), фармавалася беларуская літаратура і г. д. І ўсё гэта рабілася ў той час яшчэ зусім маладымі, поўнымі сілаў і энергіі людзьмі ды прытым у не надта спрыяльных умовах.
Сумняваюся, што тыя дзеячы, якія так самаахвярна працавалі ў Расійскай імперыі, кінулі б гэта рабіць ва ўмовах нейкай іншай, некамуністычнай формы расійскай дзяржаўнасці. А тыя маладыя хлопцы і дзяўчаты, што ўжо падрасталі ў беларускіх вёсках і актыўна далучыліся да беларускай дзейнасці ў 1920-я, ужо савецкія гады, думаю, зацікавіліся б беларушчынай і тады, калі б даведаліся пра яе не ад савецкай улады, а праз агітацыю нацыянальных дзеячаў.
Але гісторыю не зменіш. Да ўлады ў выніку ўсё ж прыйшлі бальшавікі, і наш надзвычай перспектыўны, але яшчэ зусім неакрэплы ў 1917 годзе нацыянальны рух яны спіхнулі са шляху ягонага натуральнага развіцця і скіравалі на аблудны шлях, накрэслены імі самімі.
То-бок замест фармавання нармальнай еўрапейскай беларускай нацыі (якая, умацаваўшыся, непазбежна паставіла б рубам пытанне і пра незалежную дзяржаўнасць) мы сталі фармаваць нацыю хоць і таксама нібыта беларускую, але савецкую.
Пасля гэта нам вылезла бокам, і ў гэтым, уласна кажучы, карані многіх нашых сённяшніх асноўных праблем. І не толькі нашых — нешта падобнае можна казаць і пра суседзяў-украінцаў, хоць у іх, вядома, шмат ёсць і сваёй спецыфікі.
Ці працягваюць беларусы цяпер заставацца «савецкімі людзьмі»?
— Пра беларусаў у цэлым казаць не выпадае, бо наша грамадства ўсё ж такі не маналітнае. Скажам так: немалая частка насельніцтва застаецца «савецкімі людзьмі» дагэтуль, тым больш што лукашэнкаўскі рэжым прыняў на ўзбраенне многія савецкія практыкі. Перадусім гаворка пра тую ж канцэнтрацыю ўсіх асноўных рэсурсаў краіны ў дзяржаўных руках і пасля пераразмеркаванне атрыманых за кошт гэтага даходаў, прадстаўляючы гэта як дзяржаўныя дабрадзействы.
На многіх людзей, несумненна, гэта аказвае ўражанне і працягвае падтрымліваць у іх настроенасць на савецкі патэрналізм. Не выпадае адмаўляць, што беларусаў, якія гатовыя адмовіцца ад свабоды і права нешта самастойна вырашаць за гарантаваны паёк — а гэта адна з асноўных рысаў савецкага чалавека, — ёсць нямала.
У той жа час 2020 год выразна паказаў, што такіх людзей у нашым грамадстве ўжо, прынамсі, не большасць. Змест і характар пратэстаў 2020-га — зусім не савецкі, характэрна перадусім тое, што цягам іх актыўнай фазы фактычна не гучала лозунгаў эканамічнага характару.
Людзі выходзілі за свабоду і права выбару, а не за кавалак хлеба, а гэта зусім не характэрна для людзей з савецкім светапоглядам.
Таму можна канстатаваць, што беларускае грамадства нават ва ўмовах лукашэнкаўскага рэжыму ўнутрана змянялася і савецкую спадчыну пераадольвала. Гэта не адмаўляе таго, што ў новага пакалення ёсць свае недахопы. Але, прынамсі, у большасці сваёй яно ўжо не савецкае. Савецкасць хіба што толькі праз распаўсюджаныя і трансляваныя ў краіне культурныя ўзоры аказала і на гэтых людзей пэўны ўплыў. Аднак не больш таго.