У інтэрнэт запусцілі «фота прэс-сакратаркі палка Каліноўскага з акупаванага Крыма». Яно аказалася фэйкам
Хоць гэтая падробка зробленая прымітыўна, яе сёння пачалі распаўсюджваць у розных каналах і чатах.
04.01.2023 / 23:17
Хрысціна «Чабор» і яе муж. Падробленае фота (злева) і арыгінал
Адным з першых фота апублікаваў Крысціян Шынкевіч, напісаўшы, што яно зроблена ў Крыме ў 2021 годзе і гэта «пацвярджэнне ўкаранення маскальскай агентуры амаль ва ўсе беларускія рухі». Але пасля пост выдаліў.
Фота: твітар Крысціяна Шынкевіча
Хрысціна «Чабор» у каментары блогеру Яну Рудзіку патлумачыла, што сапраўднае фота было зроблена ў Затоцы (Адэская вобласць), куды яна ездзіла адпачываць у 2019 годзе.
Зрэшты, фэйк сапраўды быў зроблены «на дурняў»: на фота пясок, а пляжы паўднёвага берага Крыма — галечныя.
Арыгінальнае фота паўгода таму публікаваў адзін з лукашысцкіх каналаў — на ім бачна, што аніякага надпісу «Расія» на мячы няма. Яго, як і колеры расійскага сцяга, прыфоташопілі.
Але хто стаў крыніцай фэйка? Ян Рудзік распавёў, што ягоныя знаёмыя бачылі ўкід у чатах, а Крысціян Шынкевіч — што ўзяў фота ў закрытым канале «Сумленны Ваніш».
Хто вядзе апошні — невядома.
Фота: канал «Сумленны Ваніш»