Рэцэпт на выхадныя. Палоска пясочная — як у дзяцінстве
Памятаеце такія пясочныя палоскі? Вы з лёгкасцю зможаце спячы іх самі.
07.01.2023 / 17:22
Масла (82,5%) — 200 г
Цукар — 130 г
Яйка — 1 шт.
Ваніль
Соль
Пералічаныя інгрэдыенты ўзбіць, чарговасць дадавання прадуктаў не важная.
Мука в/г — 325 г
Разрыхляльнік — 1 ч. л. (калі выкарыстоўваеце соду, то адна лыжачка без горкі, а то і меней)
Павідла — 300 г (можна і болей), або варэнне, джэм — найлепей густое і гамагеннае, каб каржы добра да яго ляпіліся.
Муку з разрыхляльнікам дадаць да ўзбітай напачатку сумесі. Замясіць аднароднае цеста, зрабіць ком, загарнуць яго ў плёнку і пакласці ў халадзільнік на 30 хвілін.
Разагрэць духоўку да 220 °C.
Дастаць цеста з халадзільніка. Раскачаць на пякарскай паперы, блізка да прамавугольнай формы, пластом 5—10 мм таўшчыні, залежна ад памеру бляхі. Потым сцягнуць паперу з цестам на бляху і часта накалоць пласт відэльцам.
Выпякаць пры тэмпературы 220 °C дзесьці 10—15 хвілін, залежна ад духоўкі. Важна не ператрымаць цеста, як толькі-толькі яно пачне румяніцца па берагах, можна даставаць.
Абрэзаць берагі прыгатаванага цеста да прамавугольніка (абрэзкі пойдуць на крошку). Прамавугольнік разрэзаць на 2 роўныя часткі, не перасоўваючы гарачы пласт. Даць астыць.
Адну палову выпечкі намазаць павідлам, накрыць другой паловай, яе таксама змазаць і зверху пасыпаць крошкай. Пакінуць мінімум на некалькі гадзін.
Хутка і проста. Самае важнае — не перасушыць цеста ў духоўцы.