У Беларусі значна часцей сталі знаходзіць падробленыя даляры
Колькасць выяўленых падробленых даляраў ЗША ў Беларусі павялічылася за студзень-верасень 2022 года на 87,7%. Пры гэтым колькасць выяўленых фальшывых расійскіх рублёў скарацілася, падаў статыстыку Нацыянальны банк.
05.01.2023 / 21:47
Фота ілюстрацыйнае
Банкаўскія работнікі па выніках трох кварталаў 2022 года выявілі 705 падробленых банкнот, падробленыя манеты ім не сустракаліся. Асноўная колькасць выяўленых фальшывых банкнот — гэта даляры ЗША (84,4%).
Доля падробленых расійскіх рублёў склала 9,9%, еўра — 4,5%, беларускіх рублёў — 1,0%, іншых валют — 0,1%.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў павялічылася на 19,9%. Колькасць выяўленых падробленых даляраў ЗША павялічылася на 87,7%. У той жа час зменшылася на 68,5% колькасць выяўленых падробленых расійскіх рублёў, на 27,3% — еўра. Колькасць падробак беларускіх рублёў павялічылася ў абсалютным выражэнні ўсяго на 3 штукі.
66,5 працэнта ўсіх падробленых грашовых знакаў выяўлена ў Мінску, у абласцях Беларусі — у межах 3,1—9,5%. Увогуле ж падробленыя грашовыя знакі былі знойдзеныя ў 49 населеных пунктах.
Сярод падробленых банкнот пераважалі даляры ЗША: а менавіта банкноты наміналамі 100 і 50 даляраў — 77,6% і 21,0% адпаведна.