На будаўніцтве «Мінск Свету» загінуў яшчэ адзін рабочы

Следчы камітэт паведаміў, што 5 студзеня на тэрыторыі комплексу «Мінск Свет» з вышыні чацвёртага паверха ўпаў муляр. Ён атрымаў сур'ёзныя траўмы, і выратаваць яго не ўдалося. 

06.01.2023 / 16:59

Следчыя высветлілі, што 31-гадовы рабочы знаходзіўся ў неагароджаным месцы ля краю маналітнай пліты без ахоўнага пояса.

Гэта далёка не першы выпадак смерці падчас будаўніцтва комплексу «Мінск Свет». Летась на гэтым аб'екце былі зафіксаваныя чатыры выпадкі траўматызму, тры з іх — са смяротным зыходам. У 2021-м годзе няшчасных выпадкаў было таксама чатыры, два з іх скончыліся смярцямі. 

Перадапошні трагічны інцыдэнт адбыўся ў лістападзе. З вышыні 17-га паверха на 35-гадовага арматуршчыка ўпала металічная стойка. Мужчына атрымаў сур'ёзныя траўмы і памёр да прыезду машыны хуткай дапамогі. 

Nashaniva.com