Якія дамы недалёка ад Мінска можна купіць па цане аднапакаёўкі

На пачатак студзеня сярэдняя цана на аднапакаёвую кватэру ў сталіцы складае каля 45 000 даляраў. Паглядзелі, што з дамоў у Мінскім раёне можна набыць па такой цане.

07.01.2023 / 12:54

Фота тут і далей: realt.by

Грамадскі транспарт і маршрутнае таксі кожныя 15 хвілін

У Сеніцы за 45 тысяч даляраў выстаўлены на продаж драўляны дом 1980 года пабудовы. Агульная плошча — усяго 42 м², участак — крыху меней за 7 сотак. З сучаснага ў гэтым доміку, бадай, толькі металачарапічны дах. 

Рамонт у доме, мяркуючы па здымках, апошні раз рабілі адразу пасля пабудовы, але кацёл даволі сучасны.

Апроч дома, на ўчастку ёсць гараж і гаспадарчыя пабудовы. Ацяпленне ў доме працуе ад газавага катла, водазабеспячэнне цэнтральнае, а вось каналізацыя — мясцовая.

У апісанні да аб'екта пазначана, што вакол дома добра развітая інфраструктура: грамадскі транспарт і маршрутнае таксі ходзяць кожныя 15 хвілін, блізка ёсць некалькі крам, банк, пошта, паліклініка, дзіцячы садок, агульнаадукацыйная і музычная школы.

«Для тых, хто стаміўся ад пастаяннай мітусні»

У пасёлку Аронава Слабада за 45 тысяч даляраў прадаюць двухпавярховы драўляны дом 2010 года пабудовы агульнай плошчай амаль 150 «квадратаў». Дом стаіць на ўчастку 16,6 соткі. 

З цэнтральных камунікацый тут толькі вада і электрычнасць. У аб'яве пазначана, што гэты дом непадалёк ад Мінска спецыяльна для тых, хто стаміўся ад пастаяннай мітусні і «тэрмінова мае патрэбу ў адпачынку ад гарадскога шуму». Да гарадскога шуму ад дома менш за 10 кіламетраў.

«На першым паверсе прасторная тэраса, вялікая кухня і лазня. На другім паверсе два пакоі для адпачынку», — гаворыцца ў апісанні. Унутры дом абабіты вагонкай.

Прадавец пазначае, што шлях да Мінска на машыне займае ўсяго 15 хвілін. Калі ўласнага транспарту няма, то прыкладна столькі ж часу давядзецца ісці пешшу да прыпынку грамадскага транспарту. 

Сярод пераваг — блізкасць Мінскага мора (10 хвілін на аўто) і прыгожыя краявіды.

У Светлы Шлях!

Па такой самай цане прадаюць дом у вёсцы Светлы Шлях Мінскага раёна, за 24 кіламетры ад МКАД. 

Драўляны дом з блочнымі прыбудовамі мае плошчу ў 97 «квадратаў». Участак — амаль 19 сотак.

З цэнтральных камунікацый толькі электрычнасць і вада. Ацяпленне паравое, кацёл на цвёрдым паліве, каналізацыя мясцовая. 

«Капітальны падмурак, блокавая прыбудова, шклопакеты, два ўваходы, высокія столі. Магчымасць абсталявання мансарднага паверха. Маюцца гаспадарчыя пабудовы», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта. 

Ціхія і інтэлігентныя суседзі

Іншы прыватны дом за 45 000 даляраў прадаюць за 19 кіламетраў ад МКАД па Мядзельскім кірунку. Дом пабудаваны ў 1959 годзе, плошча ўчастка — 25 сотак, зямля знаходзіцца ў прыватнай маёмасці.

З элементаў цывілізацыі — толькі электрычнасць. Санвузел на вуліцы. Школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, царква, запраўка і пошта — 5 хвілін на аўтамабілі. А лес і ставок — 10 хвілін. 

«Гэты дом і ўчастак — выдатны варыянт для тых, хто хоча пабудаваць дом сваёй мары, бо можна будаваць дом і адначасова жыць у тым, які ўжо ёсць», — гаворыцца ў аб'яве. Таксама прадавец адзначыў, што побач жывуць ціхія і інтэлігентныя суседзі.

Чытайце таксама: 

«Больш элітны за Дразды». У Мінску прадаюць дом за рэкордныя грошы

Nashaniva.com