Памёр 32-гадовы жыхар Наваполацка, якога ў 2020-м паранілі святлошумавой гранатай
Гэтаму работніку «Нафтана» 10 жніўня 2020-га шумавая граната прыляцела проста ў ногі. Праваабаронцы дапамаглі мужчыну выехаць з Беларусі ў Рыгу, дзе яму зрабілі аперацыю. Памёр ён 29 снежня, 5 студзеня яго пахавалі на радзіме. У яго засталося трое дзяцей.
07.01.2023 / 18:49
Вячаслаў Сліжыкаў з жонкай. Фота з сацыяльных сетак
Вячаслаў Сліжыкаў быў паранены ў Наваполацку 10 жніўня 2020 года, у другі дзень народных пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Як апавядаў сам мужчына,
«дзве [гранаты] прыляцелі мне пад ногі. Пасля другога ўдару зразумеў, што не магу стаяць на дзвюх нагах, не было сіл. На адной назе пачаў адскокваць у бок тратуара. Дабраўшыся, лёг на траву. Мяне падабралі людзі, занеслі ў пад'езд і выклікалі хуткую», — расказваў ён.
У бальніцы Вячаслава дапытвалі як сведку масавых беспарадкаў, а потым склалі пратакол аб удзеле ў мітынгу.
Пасля бальніцы ён працягнуў лячэнне дома. Яму дапамагалі людзі з ініцыятыў салідарнасці. Дзякуючы ім, ён зʼездзіў у Менск на абследаванне. Яны ж прапанавалі рэабілітацыю ў Латвіі. Яго перавезлі туды 5 верасня. Там зрабілі аперацыю і дасталі аскепак гранаты памерам большы за перапялінае яйка. Пасля спатрэбілася яшчэ адна аперацыя, бо, як выявілася, быў перабіты яшчэ і нерв у назе.
У Латвіі на рэабілітацыі Вячаслаў меў прабыць месяц, але з-за небяспекі арышту вырашыў застацца на чужыне. Разам са сваёй дзяўчынай жыў у лагеры бежанцаў.
На радзіме Вячаслаў працаваў на «Нафтане».
Вячаслаў пісаў скаргі на сілавікоў. У адказах гаварылася, што ўсе дакументы далучаныя да агульнай крымінальнай справы, але што гэта за справа, яму дазнацца не ўдалося.
У Латвіі Вячаслаў працаваў грузчыкам. Слабасць і прыступы болю адносіў на наступствы ранення, пра свае праблемы з сэрцам не ведаў, ніяк не абследаваўся.
Маральна яму на чужыне было цяжка, прыжыцца на новым месцы ён не змог. «Апошні час у яго здараліся нервовыя зрывы», — адзначае яго сябар, з якім пагаварыла «Наша Ніва».
Памёр Вячаслаў 29 снежня, прычынай стала сардэчная недастатковасць.
Незадоўга да скону ён і сябар атрымалі дазвол на працаўладкаванне ў Германіі і 5 студзеня збіраліся разам туды ехаць рабіць у кампаніі, якая ставіць сонечныя батарэі.
Ад першага шлюбу ў Вячаслава засталося трое непаўналетніх дзяцей. Яго цела перадалі родным у Беларусь, 5 студзеня яго пахавалі.
«Яго дзяўчына не можа вярнуцца ў Беларусь, бо там ёй пагражае крымінальны пераслед. Усё, што яна магла, яна зрабіла для Вячаслава. Ёй цяпер цяжка. У бальніцы была пад кропельніцай», — расказаў сябар памерлага. Ëн і сам моцна пацярпеў у 2020-м: у ізалятары яму пашкодзілі хрыбет і вуха, таксама давялося рабіць у Латвіі аперацыю.
Такая няпростая доля гэтага пакалення.
«Гэта непазбежна, як закон прыроды: Жыць не будуць вечна ворагi народу» — гэтыя радкі з Лявона Вольскага стаяць эпіграфам у старонцы Сліжыкава Укантакце, у іншых сацыяльных сетках ён хіба што не прысутнічаў. Аднак стала так, што ён сышоў раней за сваіх ворагаў, і маладым.