Віталь Цыганкоў: Мая ўнутраная Элачка-людаедачка і мемы ў месенджарах
Віталь Цыганкоў у сваім фэйсбуку піша аб праблеме рэагавання ў допісах у сацыяльных сетках.
08.01.2023 / 12:22
Памятаю, калі я ўпершыню паглыбіўся ў твітар (англамоўны), то мяне ўразіла, што працэнтаў 80 адказаў на нейкія папулярныя допісы — гэта мемы. То бок людзі не могуць ці не хочуць сфармуляваць уласнымі словамі сваю ўласную думку, і замест гэтага проста ставяць карцінку з эмоцыямі. Радасць, абурэнне, здзіўленне — на ўсё ёсць гатовая фотка коціка ці вядомага чалавека.
Вось на здымку адзін акцёр махае галавой у знак нязгоды, вось другі акцёр хістае галавой у знак згоды. Вось персанаж вядомага мульціка раскрыў рот ад абурэння, вось здзіўлены сабачка, вось абураны коцік. Я разумею, што гэта даволі зручна — не трэба падбіраць словы, нараджаць думку — проста бярэш гатовы мем.
Але мяне здзіўляе, што людзі трацяць на гэта свой час. Ты ж не выказаў нічога свайго, але ты замарочыўся, знайшоў і паставіў у якасці камента ДыКапрыё з кілішкам, каб потым пайсці у іншую дыскусію і там запосціць Моргана Фрымена з выразам здзіўлення на твары.
А магчыма, і не ў эканоміі часу справа. А справа ў тым, што чалавек не ўмее і не можа нічога змястоўнага сказаць. Гэта ведаеце, як на вяселлях (прынамсі, раней было, не ведаю, як зараз, даўно не наведваў) — калі зачытваюць гатовыя віншаванні. У чалавека падзея, якая не так часта)) у жыцці здараецца, цябе сюды запрасілі — а ты зачытваеш стандартнае віншаванне з купленай у кіёску масавай паштоўкі? («Машу поздравляем, счастья, радості желаем» альбо што-небудзь пра чорную ікру і чорны «Мерседэс»?)
З іншага боку, у прыватнай камунікацыі з блізкімі, асабліва калі сям’я раскіданая па трох краінах і кантактуе разам у адным месенджары, розныя мемы для эканоміі часу — даволі зручны інструмент.
Аднак, як чалавек «раньшего времени» і пэўнага развіцця, я ўсё ж люблю словы, я ўмею іх падбіраць. Але часам, як у Элачкі-людаедачкі, адно слова для эканоміі часу можа азначаць гаму эмоцыяў.
«Бывае». Гэта прыблізна азначае — «што зробіш, я разумею, усялякае здараецца, давай не рабіць з гэтага вялікай праблемы». Альбо — «ну і навіна, але нішто не новае ў гэтым свеце, бачылі і не такое».
«Ясна». «Няма чаго дадаць, тэма закрыта».
«Ясссна». Вось тут зусім іншае значэнне) «Гэта што такое? ОК, я не хачу спрачацца, але сваімі літарамі ссс я даю зразумець, што я тут не згодны альбо што мяне гэта моцна здзіўляе».
«Як скажаш». «Ладна, я не хачу працягваць гэтую тэму, каб мы не пасварыліся, можа, я тут фармальна і пагаджуся, але не таму што я згодны, а толькі таму, што я добры і паблажлівы чалавек».
«Як скажаш, мая дарагая». — Ну гэта амаль крайняя стадыя, амаль нецэнзуршчына. Ужываецца толькі ў выключных выпадках)).