Суд у Балгарыі адмовіўся выдаць беларускаму рэжыму ўкраінца, да якога хацелі дацягнуцца праз Інтэрпал
Раённы суд у балгарскім горадзе Русэ адмовіўся выдаць Беларусі ўкраінца Дзмітрыя Трафімчука. Пра гэта паведаміла яго адвакатка. У прэс-цэнтры суда пацвердзілі рашэнне, піша «Радыё Свабода».
08.01.2023 / 20:29
Грамадзяніна Украіны Трафімчука затрымалі 19 лістапада 2022 года на мяжы пры спробе ўехаць у Балгарыю з Румыніі. Тады памежная паліцыя высветліла, што ён знаходзіцца ў вышуку Інтэрпала па запыце Беларусі. Разам з ім ехалі жонка і трое дзяцей. Ва Украіне сям’я ўжо не мае дома, бо яго разбурыла бомба на пачатку вайны.
Згодна з заявай Беларусі аб затрыманні, украінец нібыта быў замешаны ў схеме крадзяжу асабістых і банкаўскіх рэквізітаў замежных грамадзян. Аднак, па словах самога Дзмітрыя і яго жонкі, справа была сфабрыкаваная, а доказы падтасаваныя.
З таго часу 38-гадовы мужчына знаходзіўся пад вартай у Балгарыі. У пачатку снежня суд у Вялікім Тырнаве адхіліў хадайніцтва Трафімчука аб вызваленні пад хатні арышт. Прычыны палягалі ў тым, што ён мог уцячы і схавацца.
30 снежня мінулага года раённы суд горада Русэ разгледзеў запыт аб экстрадыцыі і адмовіў у ім.
Улады Беларусі не могуць забяспечыць павагі да чалавека ў турмах, тлумачыць суд сваё рашэнне. Ён лічыць, што пісьмовыя запэўніванні Беларусі ў тым, што Трафімчук не будзе цярпець гвалту, катавання, жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання, не маюць значэння.