Аблава ГУБАЗіКа адбылася ў раёне Чкалава—Варанянскага. Што вядома?
Некалькі крыніц паведамілі «Нашай Ніве», што ў раёне вуліц Чкалава і Варанянскага ў Мінску — у раёне, які называюць «Чкалаўскім» або «раёнам Старога Аэрапорта», некалькі дзён таму адбыліся затрыманні.
09.01.2023 / 19:42
Фота: Чкалаўскі | Інфа-канал
Першую інфармацыю пра затрыманні «Наша Ніва» атрымала 6 студзеня. Пасля мы здабылі і пацвярджэнне гэтай інфармацыі.
Па нашых звестках, большасць затрыманых — тыя, хто некалі быў у чатах мікрараёна. Адна з крыніц паведаміла нам пра 32 затрыманых, але мы не змаглі знайсці другое пацвярджэнне гэтай лічбы. Але даставерна вядома пра некалькіх затрыманых, але не дзясяткі.
«У нас ёсць толькі інфармацыя пра некалькі затрыманых на мінулым тыдні. Магчыма, гэтую тэму спрабуюць раздзьмуць, каб застрашыць актыўных людзей, — адказалі на запыт «Нашай Нівы» ў бот канала. — Іншай інфармацыяй аб масавых затрыманнях мы не валодаем. Дзякуем за зварот да нас і праверку інфармацыі. Разам да перамогі!»
Чкалаўскі — гэта раён Мінска, абмежаваны вуліцамі Чкалава, Магілёўскай, Валадзько і Аэрадромнай. Рупар актыўнасцяў раёна — канал «Чкалаўскі | Інфа-канал». У 2020 годзе гэты раён таксама галасаваў за Ціханоўскую і вылучаўся пратэставай актыўнасцю. Там праходзілі і дваравыя маршы.
Мікрараён Чкалаўскі. Фота: office.by
Ведаеце, што адбылося ў «Чкалаўскім»? Пішыце рэдактару ў яго асабісты Telegram-акаўнт, на email nivanasha@proton.me або тым журналістам, якіх вы ведаеце асабіста.
Нагадаем, незадоўга да гэтага адбылася аблава ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, падчас якой затрымалі не менш за два дзясяткі чалавек. Некаторых затрыманых білі.