Рэпер Сярога наведаў Мінскае сувораўскае вучылішча і пахваліў СССР
Спявак Сяргей Пархоменка, больш вядомы пад псеўданімамі Сярога і Паліграф ШарыкOFF) наведаў Мінскае сувораўскае вайсковае вучылішча, паведаміла прэс-служба Мінабароны.
09.01.2023 / 19:22
Адміністрацыя навучальнай установы правяла для Сярогі экскурсію, «пазнаёміла з гісторыяй і традыцыямі Мінскага СВУ, умовамі пражывання сувораўцаў».
«Спявак расказаў, што ў дзяцінстве хацеў стаць сувораўцам, але мары не наканавана было спраўдзіцца. Ён адзначыў, што вучылішча займае асаблівае месца сярод навучальных устаноў нашай краіны, з'яўляючыся школай вайскова-патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання, а сувораўцы — прыклад абавязку і гонару, высакароднасці і прыстойнасці. Менавіта ў сценах Мінскага СВУ выхоўваюць сапраўдных патрыётаў Беларусі», — паведаміла прэс-служба Мінабароны.
У каментары ВаенТБ спявак прызнаўся, што застаўся экскурсіяй задаволены:
«За адукацыю трэба змагацца, і я прыйшоў сюды ў тым ліку для таго, каб пераканацца, што тут за розумы, сэрцы і душы дзяцей змагаюцца. Тут аснова — гэта савецкія традыцыі. Гэта традыцыя савецкай адукацыі. Вось гэта ключавое. Тут хлопцы атрымліваюць сярэднюю школьную адукацыю і пры гэтым рыхтуюцца абараняць тое, што ёсць іх каштоўнасці», — адзначыў ён.
Спявак Сярога стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы ў пачатку нулявых. Ён выконваў такія тагачасныя хіты, як «Чорны бумер», «Каля дома твайго», «King Ring». У 2010-я атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне, дзе доўга жыў і працаваў. Але пасля пачатку пратэстаў у Беларусі стаў на бок рэжыму Лукашэнкі, часта адзначаўся пралукашэнкаўскімі выказваннямі і браў удзел у праўладных мерапрыемствах.