Брытанская разведка: Расійскае-беларускія вучэнні — не падрыхтоўка да наступу ва Украіне

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі звяртае ўвагу на тое, што на мінулым тыдні Мінабароны Беларусі абвясціла аб сумесных расійска-беларускіх тактычных лётных вучэннях, якія пройдуць у краіне з 16 студзеня да 1 лютага.

11.01.2023 / 11:11

Фота ілюстрацыйнае

Назіральнікі адзначылі прыбыццё ў Беларусь з Расіі 12 верталётаў Мі-8, а таксама ўдарных верталётаў Мі-24 і Ка-52. Некаторыя з іх былі з маркіроўкай «Z», яны прызямліліся на авіябазе пад Мінскам.

Разгортванне гэтай баявой авіяцыі — хутчэй за ўсё, сапраўды вайсковыя вучэнні, мяркуюць у брытанскай разведцы. Там не лічаць гэта падрыхтоўкай да якіх-небудзь дадатковых наступальных аперацый супраць Украіны.

Хоць Расія трымае вялікую колькасць сіл у Беларусі, яны ў асноўным удзельнічаюць у навучанні, і малаверагодна, што гэтыя войскі могуць быць выкарыстаны для наступу ва Украіне, гаворыцца ў справаздачы.

Nashaniva.com