«Што было ў турме, застаецца ў турме». Вязні і палітвязні з «нізкім сацыяльным статусам»? Што пра гэта вядома 

Да «Нашай Нівы» звярнуўся былы палітвязень, які нядаўна выйшаў на волю з калоніі №17 у Шклове. Ëн расказаў, як палітвязняў шантажуюць пераводам у разрад «людзей з нізкім сацыяльным статусам», ці, прасцей кажучы, «апушчаных». Мы распыталі пра гэта ж іншых былых палітвязняў. Вось што яны расказалі.

17.01.2023 / 09:36

Хто такія «людзі з нізкім сацыяльным статусам»

Нізкі сацыяльны статус (НСС) — гэта асобная «каста» падследных і асуджаных у СІЗА і калоніях, якая практычна не мае правоў і займаецца самай зневажальнай працай. Таксама іх яшчэ называюць «пакрыўджанымі», «адсаджанымі», «працуючымі», «апушчанымі» ці проста «пеўнямі».

Існаванне гэтай касты — адзін з элементаў злачынных законаў і традыцый, а сама гэта практыка існуе даўно. На сёння гэту практыку, па словах былых палітвязняў, падтрымлівае адміністрацыя калоній, нягледзячы на ​​тое, што па правілах гэтай жа сістэмы любая падтрымка злачынных («зладзейскіх») законаў недапушчальная.

Звычайна ў катэгорыю НСС аўтаматычна трапляюць мужчыны, звязаныя з крымінальнымі артыкуламі за сэксуальны гвалт або педафілію, аднак туды можа перайсці любы чалавек, незалежна ад зробленага ці нязробленага злачынства. Траплянне ў гэтую касту называецца «адсаджваннем». Чалавек з гэтым статусам у прамым сэнсе слова становіцца недакранальным і праходзіць праз рэгулярныя прыніжэнні з боку супрацоўнікаў СІЗА ды калоній, ды і з боку звычайных падследных і асуджаных.

Як расказвае былы палітвязень Ігар Банцар, зараз у НСС трапляюць не праз фізічнае ўздзеянне: «Няма такога, што цябе будуць фізічна «апускаць».

Усё адбываецца або праз тое, што цябе падставяць, або праз бакланства і доўгі язык, калі вязня раскруцяць на гісторыі з жыцця і так прыгожа падвядуць [да НСС], што ў яго проста не будзе дарогі назад. Усе кажуць, што на зоне трэба трымаць язык за зубамі і не гаварыць лішняга. Таксама ёсць побытавыя сітуацыі: узяўся за швабру, за якую трымаўся «нізкі статус» — да цябе ўжо будуць пытанні.

Па загадзе адміністрацыі вельмі лёгка можна зрабіць з цябе «пацука» — таго, хто падстаўляе або крадзе ў сваіх, і гэта таксама шлях да НСС.

Калі ў канцы 2020 года я трапіў на СІЗА, пайшла малява, падпісаная «пацаны з Валадаркі», што Ціханоўскі нібыта «на кубку», бо ў яго нібыта былі нейкія «эксцэсы гомасэксуальнага зместу» (быць «на кубку» — прамежкавы этап перад трапляннем у НСС, — НН). Калі ў 2021 годзе я ўжо быў у гарадзенскай турме, перасякаўся з Арановічам, чалавекам з каманды Ціханоўскага. Ён казаў, што прад’ява была такога зместу, нібыта іх недзе бачылі з Ціханоўскім, што яны нібыта цалаваліся і з'яўляюцца палюбоўнікамі. Гэта чыстая дэзынфармацыя, якая спрыяе таму, каб чалавека максімальна дыстанцыраваць ад іншых вязняў.

На маёй памяці была сітуацыя, калі ў камеру заходзіў чалавек і адразу кідаўся ўсім руку ціснуць, а ў арыштанцкім асяродку руку ціснуць можна не ўсім. Для тых, хто не абірае, з кім сядзець, каму ціснуць руку і з кім кантактаваць, усе гэтыя тэмы могуць скончыцца вельмі непрыемна».

Як гэта адбываецца ў шклоўскай калоніі

«Адразу пасля таго, як пачаткоўцы па прыбыцці ў калонію трапляюць у каранцін, набліжаныя да адміністрацыі калоніі асуджаныя (там яны называюцца «актывістамі») пачынаюць тлумачыць ім асноўныя правілы знаходжання ў калоніі. У прыватнасці, яны расказваюць пра нізкі сацыяльны статус, хто туды можа трапіць і як гэтага пазбегнуць», — расказвае былы вязень шклоўскай калоніі.

У НСС трапляюць тыя, хто дакранаецца да іншых «апушчаных» ці іх рэчаў, смеццевага вядра або туалетных паверхняў, хто падымае з падлогі ў прыбіральні альбо — у рэдкіх выпадках — са звычайнай зямлі рэчы ці смецце і гэтак далей. Былы вязень параўноўвае гэта з вельмі злой гульнёй у сыча, бо ў выпадку з НСС пасля трапляння туды цябе ужо амаль немагчыма вярнуць у нармальны статус.

У НСС асобныя нары, крэслы, куткі ў атрадах для сумеснага пражывання, прылады для працы і ўборкі, месцы для захоўвання асабістых рэчаў, пасцеля, рукамыйнікі і пісуары ў санвузлах, душавыя у лазнях, месцы для прыёму ежы ў сталовай і асобныя сталовыя прыборы. Таксама, расказвае былы вязень, такія зняволеныя асобна ходзяць у шыхту (ззаду і на адлегласці ад астатніх) і заўсёды апошнімі тэлефануюць, калі атрад ходзіць на званкі ў штаб калоніі. Калі ім трэба ўзяць у атрадным пакоі захоўвання рэчаў (яго там называюць «бабоўня») на час пад роспіс звычайны ці кансервавы нож, «пеўні» атрымліваюць асобныя прыборы з гравіроўкай «НСС». Самі нажы з такой гравіроўкай выдаюцца адміністрацыяй калоніі па атрадах на дзень, а потым іх забіраюць назад ноччу.

У атрадах НСС забаронена карыстацца агульнымі халадзільнікамі, чытаць любыя кнігі з атрадных бібліятэк, а таксама заходзіць на атрадную кухню і пакой з агульным тэлевізарам. НСС практычна не заўважаюць, з імі амаль не гавораць. Гэтых людзей выкарыстоўваюць выключна для мыцця туалетаў, пастаянных уборак смецця і тэрыторыі, а таксама цяжкай фізічнай працы (а яшчэ раней і для сэксуальных уцех).

Іх не лічаць за людзей, рэдка называюць іх нават па прозвішчах, а часцей за ўсё проста даюць ім жаночыя імёны (Галя, Каця, Зіна і гэтак далей).

«Ад падобнага штодзённага стаўлення частка з іх з часам сапраўды губляе звычайнае знешняе і ўнутранае чалавечае аблічча, яны становяцца падобнымі да прывідаў. Прычым усё сказанае вышэй не ёсць наступствам нейкай дырэктывы або вынаходствам сілавікоў у калоніі, гэта ўсё толькі «сталыя традыцыі і побыт», — расказвае былы вязень.

Па яго словах, сілавікі ў калоніях самі спрабуюць «адсаджваць» у НСС усіх непажаданых ім людзей, і кандыдатамі на гэтую ролю становяцца і палітвязні. У адміністрацыі шклоўскай калоніі ёсць шмат правераных спосабаў ладзіць парушэнні звычайным і палітычным асуджаным, але ёсць у іх адзін самы любімы і ён цалкам завязаны на «адсаджванні».

У шклоўскай калоніі існуюць імправізаваныя суды або «хрэсьбіны», на якіх адміністрацыя калоніі вызначае від пакаранняў. Адно з пакаранняў прымушае да пазапланавай уборкі тэрыторыі.

Калі надыходзіць той пазапланавы момант (бо ён неабавязкова адбываецца адразу ж пасля суда), да палітвязня прыходзяць звычайна два супрацоўнікі і загадваюць пачаць прыбіранне тэрыторыі. У самім прыбіранні нічога такога няма, яно і так для кожнага асуджанага адбываецца па атрадным графіку,

аднак у гэтым выпадку ад чалавека патрабуюць таксама вынесці смеццевае вядро пасля прыбірання вуліцы ці пакоя ў атрадзе. Асуджаны ведае, што, калі ён гэта зробіць, яго адразу ж адправяць у НСС, таму ён, хутчэй за ўсё, адмовіцца, тым самым ствараючы ідэальную падставу для змяшчэння сябе ў ШІЗА з-за «адмовы правядзення прыбірання і невыканання загаду супрацоўніка папраўчай ўстановы».

Спробы пераканаць супрацоўнікаў або папрасіць іх злітавацца не маюць сэнсу, бо ім загадзя далі загад адправіць чалавека ў ШІЗА, для іх нявынас вядра раўнаважны адмове ад прыбірання ў цэлым. Таму, расказвае вязень, нават прыбіранне рабіць не трэба, вынік вядомы загадзя.

Калі на вачах супрацоўнікаў і атрада пагадзіцца з вынасам смецця, чалавека ўсё адно адпраўляюць у ШІЗА і пры гэтым ён ужо будзе НСС. Ёсць выпадак, калі палітвязень аднойчы разгубіўся і вынес смецце. Пазней яго перавялі спачатку ў ШІЗА, потым у ПКТ, а потым на крыты рэжым. Калі ж сказаць супрацоўнікам у адкрытую, што вы не будзеце выносіць смецце, бо не жадаеце рабіцца НСС, вас усё адно адправяць у ШІЗА за «падтрымку злачынных традыцый».

Сведчанні іншых палітвязняў

Пра НСС згадваюць і іншыя былыя палітвязні, з якімі пагутарыла «Наша Ніва». Арцём Хвашчэўскі, які сядзеў у наваполацкай калоніі, згадвае, што ў яго ўстанове ўмовы для НСС былі наступныя: «Іх нельга чапаць, можна атрымаць 30 сутак ШІЗА за канфлікт з імі. Яны асобна харчуюцца, камунікуюць паміж сабой. На прамзоне не працуюць, прыбіраюць туалеты ў атрадзе».

Хвашчэўскі расказвае, што ў яго часы (Арцём выйшаў на волю ў жніўні 2021 года. — НН) палітычных не схілялі да пераходу ў НСС, але ён чуў, што цяпер такое адбываецца.

Былы вязень Дзмітрый Фурманаў таксама згадвае пра сваё сутыкненне з тэмай НСС: «Калі я сядзеў у СІЗА, чуў, што ёсць асобныя камеры для такіх людзей, яны знаходзяцца наводдаль ад іншых. Туды садзяць людзей, якіх падазраюць ці абвінавачваюць па артыкулах, за якія можна перайсці ў НСС, з іншымі вязнямі іх не трымаюць. Але я таксама чуў плёткі, што калі-нікалі да палітвязняў па загадзе вышэйшых чыноў садзяць НСС, каб потым былі адпаведныя прэтэнзіі да палітвязняў. У маім выпадку такога не было і зносін з гэтымі людзьмі я не меў».

Што да калоніі (Фурманаў адбываў пакаранне ў «Віцьбе»), то на каранціне, дзе мужчына жыў да размеркавання ў атрад, быў чалавек, які прыходзіў на 5—10 хвілін прыбіраць туалет. Вязням сказалі, што ён мае артыкул, звязаны з нечым сэксуальным, з ім нельга вітацца за руку і лепш не размаўляць, яшчэ яму трэба за працу даваць цыгарэты ці нешта салодкае. Патлумачылі, што гэтыя людзі не абавязаныя выконваць працу па прыбіранні, але ж камусьці трэба яе рабіць, таму ім даюць маленькі бонус і яны гэтым займаюцца. Маўляў, калі гэтым не будуць займацца яны, гэтым павінны будуць займацца ўсе, і, каб гэтага не рабілася, вырашылі такім чынам гэтую праблему.

«У гарадзенскай турме кінулі плётку, што пытанні такога кшталту былі да Сяргея Ціханоўскага. Адміністрацыя спецыяльна кідае такія плёткі, каб усе падазравалі адзін аднаго, пра Арановіча таксама хадзілі плёткі», — расказвае Дзмітрый.

Пра парадкі з НСС згадваў і адзін з вязняў, што адбываў хімію.

Гарадзенскі рокер Ігар Банцар падчас свайго тэрміну двойчы перасякаўся з людзьмі, што належаць да НСС, і гутарыў з імі. Расказвае, што яны зрабілі на яго ўражанне спакойных людзей: «Хтосьці ж мусіць прыбіраць туалеты, і сістэма так збудаваная, што нізкі статус так ці інакш будзе існаваць, пакуль нічога не зменіцца. Калі няма палітычнай замовы, у турме стараюцца не падкрэсліваць розніцу паміж звычайнымі вязнямі і нізкім статусам, яна трошкі зацёрлася. Але, калі трэба, будзьце ўпэўненыя, што ўлады і турэмнае кіраўніцтва гэта цынічна выкарыстаюць».

Банцар згадвае расповед аднаго з такіх вязняў: маўляў, што зробіш, да нас стаўленне хутчэй негатыўнае, ніхто нас не чапае і мы нікога не чапаем, але калі ў чалавека здараецца нейкая сітуацыя і толькі нізкі статус можа яму дапамагчы, то да нас прыходзяць і мы робім самую брудную працу.

Былы вязень кажа, што сістэма статусаў цалкам кантралюецца турэмнай адміністрацыяй:

«Трэба разумець, што гэта даўно не элемент крымінальнай рамантыкі, а тупа элемент ціску і супраць простых крымінальнікаў, і ў першую чаргу — супраць палітычных.

Гэта вельмі ганебная частка сістэмы, з якой трэба нешта рабіць, але зрабіць з ёй асабліва нічога нельга, бо сістэма герметычная. Пакуль яна сама не будзе змяняцца ў цывілізаваны бок, пакуль не будзе больш шырокіх рэформаў, нізкі статус заўжды будзе элементам, які змогуць выкарыстаць супраць кожнага вязня прадстаўнікі адміністрацыі. Трэба разумець, што гэта не агульная практыка, не да ўсіх палітычных выкарыстоўваюць такія метады. Але ясна, што да знакавых асобаў можа быць такая ўвага, на гэтым яны граюць [адміністрацыя]».

Калі Ігар быў на хіміі, пастаянна паўставала пытанне: чаму нельга на прыбіранне туалетаў наняць чалавека звонку? Здаецца, недзе і прапісана, што там могуць наняць чалавека з волі, але спецыяльна заганяюць працаваць вязняў, якія нібыта хочуць сябе ад гэтага дыстанцыяваць.

«Гэта сітуацыя, якая справакаваная і цалкам падтрымліваецца супрацоўнікамі сістэмы. Зараз гэта інструмент для таго, каб зацкаваць непакорных, каб была мера ўздзеяння на палітычных. Калі казаць пра палітычных, гэта элемент сістэмнага ціску, а калі казаць пра простых крымінальных злачынцаў, гэта выпрацаваная гадамі сістэма, да якой усе ставяцца як да нечага натуральнага. Часам людзей, канешне, заганяюць у нізкі статус, але ў цэлым трапіць туды — гэта арганічны працэс. Ва ўсіх гэтых закрытых установах ёсць людзі з такім псіхатыпам, што яны ўжо гатовыя трапіць у НСС», — мяркуе былы вязень.

Банцар называе сістэму НСС адной з самых жудасных і непрыемных варыянтаў ціску на вязняў. Яскравай патрэбы падзяляць людзей па статусах няма, хутчэй гэта палітычнае пытанне, пужалка, каб ствараць карціну жудасных сталінскіх лагераў. Але, лічыць Ігар, не так страшны нізкі статус, як пра яго кажуць на волі тыя, хто ніколі не быў у турме.

«Як кажуць, што было ў турме, застаецца ў турме. На волі ніхто не будзе пытацца, як ты выжываў за кратамі. Кажу па досведу: гутарыў з людзьмі, якія выйшлі з турмы і нібыта нармальна там адседзелі, і ні ў кога не пытаўся, як выглядала іх быццё за кратамі.

Таму што наўрад ці чалавек будзе прызнавацца, як даводзілася выжываць і рабіць не самыя добрыя рэчы, каб застацца ў як мага лепшых умовах і не згубіць сваю годнасць, бо турма ёсць турма» — падсумоўвае Банцар.

«Для вызвалення нашых блізкіх робіцца недастаткова». Родныя палітвязняў і былыя вязні звярнуліся да міжнароднай супольнасці

«У турме, на жаль, цябе хвалюе, ці мастурбаваў іншы чалавек». Былы палітвязень распавёў пра інтым у зняволенні

«Цяжка стаць звычайным грамадзянінам, адчуваеш сябе нейкім няўмекам». Былыя палітвязні распавядаюць пра жыццё пасля вызвалення

Nashaniva.com