Прадстаўнік ЕС: Мы публічна не абмяркоўваем, чаму кагосьці няма ў санкцыйных пакетах

У ЕС пракаментавалі інфармацыю, што Беларусь не ўключылі ў папярэдні пакет санкцый нібыта па просьбе Украіны. Прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана, адказваючы на адпаведнае пытанне карэспандэнткі Deutsche Welle ў Бруселі, праўда, абышоўся больш агульнымі словамі.

12.01.2023 / 17:44

 

Петэр Стана. Фота: euractiv.com

«Мы не абмяркоўваем публічна дэталі, працэсы, а таксама прычыны, па якіх каго-небудзь ці чаго-небудзь няма ў тым ці іншым пакеце», — заявіў Стана.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што санкцыі, звязаныя з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, пастаянна пераглядаюцца.

«Мы будзем працягваць адказваць санкцыямі датуль, пакуль Расія будзе працягваць эскалацыю. Мы будзем працягваць прымяняць санкцыі таксама ў дачыненні да тых, хто дапамагае і падтрымлівае незаконныя дзеянні Расіі. Гэта датычыць Беларусі, Ірана, а таксама людзей і арганізацый з іншых краін, калі гэта неабходна», — адзначыў прадстаўнік ЕС.

Пра тое, што Беларусь не ўключылі ў папярэдні пакет санкцый па просьбе Украіны, паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Бруселі Рыкард Ёзвяк. Ягоныя словы ўжо абвергла МЗС Украіны, якое заявіла, што паведамленні не адпавядаюць рэчаіснасці.

Чытайце таксама:

МЗС Украіны: Інфармацыя пра патрабаванне Кіева не ўводзіць санкцыі супраць Беларусі не адпавядае рэчаіснасці

Ціханоўская: Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку. Але ён не ахвяра

Ёзвяк: ЕС не ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі па просьбе Украіны

Nashaniva.com