«У беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць»

Журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч выказаўся ў фэйсбуку пра затрыманага ўчора палітыка Андрэя Дзмітрыева, які ў нашым грамадстве ўжо больш за дзясятак гадоў мае вельмі неадназначную — хоць для многіх цалкам адназначную — рэпутацыю. Ці слушна на яго чапляць ідэалагічныя цэтлікі? І ўвогуле ці слушна іх чапляць?

12.01.2023 / 22:48

Андрэй Дзмітрыеў быў адной з першых ахвяр «пакаяльных відэа» і атрымаў за гэта ад многіх кляймо здрадніка. Сёння ГУБАЗіК прадукуе такія відэа ў прамысловых маштабах і разумныя людзі ведаюць, што не варта звяртаць на гэта асаблівай увагі, бо ў палоне галоўнае выжыць і не нашкодзіць іншым.

У 2010 годзе гэта было навінкай, таму многія, асабліва з палітычнай тусоўкі, не паверылі Дзмітрыеву, што пайсці на гэта ён мусіў выключна таму, што сілавікі шантажавалі яго свабодай блізкага чалавека.

Але кагосьці гэта не пераканала, а камусьці не спадабалася форма яго апраўдання. І з тых часоў да яго прычапілася латка «агента КДБ».

Але не толькі за гэта, яшчэ і за форму вядзення палітыкі.

Палітыкаў я падзяляю на тры гатункі:

1) тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе ісці ў нагу з грамадствам, не абганяючы яго, але спрабуючы хітра з ім працаваць;

2) тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе іх змяніць, ідучы насуперак настроям;

3) тыя, хто жыве ў ілюзіі і не разумее ані працэсаў, ані настрояў людзей, і нічога не робіць.

Як журналіст я назіраю за Дзмітрыевым шмат гадоў і адношу яго, бясспрэчна, да першых. (Каб пазбегнуць непатрэбнай дыскусіі, адразу скажу, што ён не мой кандыдат, але я спрабую паглядзець на сітуацыю аб'ектыўна).

Шмат каго бесіць, што ён удзельнічае ў выбарах, піша заявы ў сельсаветы і райвыканкамы, ходзіць туды з людзьмі на прыёмы з чыноўнікамі, да апошняга карыстаўся легальным полем дзейнасці (і не асабліва, дарэчы, з гэтым піярыўся).

Для адных гэтага хапае, каб лічыць яго агентам, бо ён дзейнічае ў рэчышчы сістэмы. Але для Дзмітрыева гэта адзіная форма працы, якую ён лічыць эфектыўнай. Таму ён спакойна размаўляе і з ябацькамі, і з аматарамі Пуціна, бо гэта таксама беларусы, а ў будучыні — патэнцыйныя выбарцы.

І ў беларускай палітыцы такіх палітыкаў будзе яшчэ вельмі шмат, бо гэта проста паспяховая паліттэхналогія. (Роўна з такой ішоў на выбары Віктар Бабарыка).

Хто быў, ёсць агентам ці яшчэ ім стане, спадзяюся, мы некалі даведаемся дзякуючы архівам і іншым дакументам. Нехта, імаверна, прызнаецца і сам. Але

сёння ў беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць. Ім становіцца ледзь не кожны, з кім не пагаджаецца іншы бок.

Гэта ўжо і мем, і з'ява, роўная «закону Годвіна», якая прадугледжвае бессэнсоўнасць далейшай дыскусіі, калі апанент сягае ў ёй да аргумента пра Гітлера і нацызм.

Чытайце таксама:

Затрымалі Андрэя Дзмітрыева

Nashaniva.com