Кавалеўскі: ЗША будуць прынцыповымі ў абароне незалежнасці і цэласнасці Беларусі

Намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Валерый Кавалеўскі расказаў пра вынікі свайго нядаўняга візіту ў Вашынгтон, дзе ён правёў важныя сустрэчы на высокім узроўні.

13.01.2023 / 22:20

Падчас візіту Кавалеўскі сустрэўся з кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Дзярждэпартамента ЗША, старшынёй Офіса па каардынацыі санкцый Дзярждэпартамента Джымам О’Браянам, цяперашнім і былым дырэктарамі па пытаннях Усходняй Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Кейтам Бінам і Трэем Лаянзам, прадстаўнікамі Кангрэса ЗША і аналітычных цэнтраў.

Паводле Кавалеўскага,

праведзеныя сустрэчы пераканалі яго, што ЗША будуць прынцыповымі ў пытанні абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

Яны працягнуць рознабаковую падтрымку намаганняў беларусаў у барацьбе за дэмакратыю і зацікаўленыя ў пашырэнні супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў галіне бяспекі.

Санкцыі супраць рэжыму ЗША маюць намер толькі ўзмацняць і прыкладаць намаганні, каб яны рабіліся больш эфектыўнымі. 

Акрамя таго, Кавалеўскі запэўніў, што

палітычнае супрацоўніцтва з ЗША выходзіць на новы ўзровень: не разавых гучных сустрэч, а пастаянных афіцыйных кантактаў, планамернай працы дзеля дэмакратызацыі Беларусі. 

Nashaniva.com