Мінфін ЗША: Расійскія алігархі ведалі пра дату ўварвання і кінуліся перапісваць свае актывы на сваякоў
Агенцтва барацьбы з фінансавымі злачынствамі пры Міністэрстве фінансаў ЗША FinCen апублікавала прамежкавую справаздачу аб выніках расследавання дзеянняў расійскіх алігархаў напярэдадні ўварвання Расіі ва Украіну.
16.01.2023 / 12:53
Раман Абрамовіч. Фота: AP Photo / Martin Meissner
Раней стала вядома, што яны, мяркуючы па ўсім, ведалі загадзя пра дату расійскага ўварвання ва Украіну і перавялі свае актывы на імя сваіх дзяцей, каб вывесці іх з-пад санкцый.
У сваёй справаздачы FinCen пацвярджае гэтую інфармацыю, абапіраючыся на справаздачы іншых структур, у якіх апісаны падазроныя аперацыі з мільярдамі даляраў на рахунках і ў фондах шэрагу расіян.
У пачатку студзеня брытанская Guardian, са спасылкай на ўцечкі, якія апынуліся ў распараджэнні рэдакцыі, падрабязна напісала пра дзеянні Рамана Абрамовіча.
Паводле інфармацыі выдання, у самым пачатку лютага, за тры тыдні да пачатку вайны, на дзесяці афшорных рахунках Абрамовіча адбылася імклівая рэарганізацыя.
З уцечак вынікае, што бенефіцыярамі фондаў з сумарнымі актывамі як мінімум у чатыры мільярды даляраў сталі сямёра дзяцей Абрамовіча, малодшаму з якіх дзевяць гадоў.
Актывы таксама ўключаюць нерухомасць, яхты і прыватныя самалёты.
Па часе гэтая актыўнасць таксама супала з папярэджаннем з боку заходніх краін пра немінучыя санкцыі ў дачыненні да блізкіх да Пуціна бізнэсменаў у выпадку ўварвання ва Украіну.
FinCen дае зразумець, што гаворка ідзе пра некалькіх расійскіх алігархаў і прадстаўнікоў эліты, якія звярнуліся да такой жа схемы. Але імёны іншых асоб пакуль не называюцца.