Украіна атрымае першы транш дапамогі ад ЕС у памеры 3 млрд еўра

На гэтым тыдні Украіна атрымае тры з васямнаццаці мільярдаў еўра, абяцаных Кіеву Еўрасаюзам у якасці макрадапамогі, паведаміў у панядзелак прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

16.01.2023 / 15:26

Ён адзначыў, што гэтыя сродкі неабходныя Украіне для падтрымання макрафінансавай стабільнасці.

Мемарандум аб прадастаўленні ЕС пакета агульным аб'ёмам 18 млрд еўра падпісаў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс.

«Гэта дазволіць Украіне закрыць самыя надзённыя патрэбы, маючы стабільнае паступленне сродкаў на працягу года», — заявіў ён.

Даты, на якія запланаваны іншыя траншы, не называюцца.

Узгадненне дадзенага пакета далося краінам ЕС няпроста. У прыватнасці, Венгрыя доўга выступала супраць.

Прыйсці да пагаднення блоку ўдалося ў сярэдзіне снежня 2022 года.

Nashaniva.com