Генры Кісінджэр: Украіну трэба прыняць у НАТА

Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заявіў, што змяніў сваё меркаванне з нагоды ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс і цяпер лічыць, што гэтую краіну ў будучыні трэба будзе прыняць у НАТА.

18.01.2023 / 08:14

Фота: AP

«Лічу, што ўкраінскае членства ў НАТА будзе правільным вынікам», — заявіў у аўторак Кісінджэр, выступаючы па відэасувязі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У мінулым Генры Кісінджэр выступаў за нейтральны статус Украіны і лічыў, што яна не павінна ўваходзіць у вайсковыя альянсы.

«Ідэя аб нейтральнай Украіне ў цяперашніх умовах ужо не мае сэнсу», — прызнаў Кісінджэр.

99-гадовы Генры Кісінджэр таксама заклікаў да дыялогу з Масквой, да недапушчэння вайны паміж Захадам і Расіяй і выступіў за тое, каб у будучыні, пасля пераадолення крызісу, пакінуць Маскве магчымасць вярнуцца ў міжнародную сістэму.

У канцы мая мінулага года Кісінджэр прапанаваў Кіеву пагадзіцца на некаторыя тэрытарыяльныя саступкі дзеля мірнай дамовы з Расіяй. Аднак прэзідэнт Украіны Зяленскі раскрытыкаваў гэтую прапанову.

Nashaniva.com