«Зрабілі чатыры канцэрты ў Харкаве ў бамбасховішчах». Беларус-дырыжор расказаў пра сваю новую пазіцыю
Віляйчук Віталь Алексяёнак атрымаў пасаду галоўнага запрошанага дырыжора на радзіме бельканта, у Італіі — у Teatro Massimo Bellini на Сіцыліі. Алексяёнак расказаў пра гэтае запрашэнне падрабязней.
18.01.2023 / 22:23
Фота: сацыяльныя сеткі
Паўтара года таму Віталь выйграў прэстыжны міжнародны конкурс дырыжораў імя Артура Тасканіні ў Італіі і атрымаў пры гэтым яшчэ прыз глядацкіх сімпатый.
Пасля гэтага яго запрасілі прадырыжыраваць у Катаніі навагодні канцэрт.
«У нас тады адбылася вельмі добрая супраца, усе былі натхнёныя — аркестр, кіраўніцтва тэатра і я. І яны запрасілі мяне адкрыць гэты канцэртны сезон у лістападзе 2022-га. Гэта былі два вельмі важныя канцэрты для тэатра пасля некалькіх месяцаў адпачынку. Тут таксама наша праца з аркестрам прайшла добра. Пасля вырашылі пацвердзіць супрацу на больш рэгулярнай аснове, і мяне запрасілі на пасаду галоўнага запрошанага дырыжора», — расказвае Віталь.
Чытайце таксама: «Настаўнік казаў бацьку: «Лепш не мучыць, слыху ў яго няма». Беларус выйграў адзін з самых прэстыжных конкурсаў для дырыжораў
Паміж запрошаным і галоўным запрошаным дырыжорам існуе істотная розніца.
«Першага запрашаюць на нейкі адзіны праект. Як у мяне было ў Ла Скала, напрыклад. Тады працаваў там два месяцы над адной опернай пастаноўкай. А вось галоўны запрошаны дырыжор — больш афіцыйны ўзровень. Тады цябе запрашаюць рэгулярна, і гэта ўжо пасада. Наступны тытул — галоўны дырыжор, ён знаходзіцца ў тэатры пастаянна», — тлумачыць Віталь.
Конкурсу на пасаду галоўнага запрошанага дырыжора не было.
«Я не ведаю, ці былі яшчэ кандыдаты, акрамя мяне, — кажа Віталь. — Зразумела, што кожны, хто прыязджае як «гасцявы дырыжор», можа дайсці да такога тытула. Але не кожны даходзіць, як мы бачым.
Такая пасада — кар’ерны рост, магчымасць на больш далёкую перспектыву складваць адносіны з гэтым тэатрам, аркестрам. Таксама я магу казаць сваё меркаванне наконт таго ці іншага праекта. Гэта больш адносіны на роўных з кіраўніцтвам тэатра, я частка каманды».
Цяпер пэўны час Віталь будзе жыць на Сіцыліі. Вучыць з нуля італьянскую мову яму не прыйдзецца — ён яе добра ведае.
«Размаўляю на пяці мовах. Для дырыжора, які займаецца операй, важна ведаць італьянскую, бо мне падаецца, што разумець інакш італьянскую оперу немагчыма.
З-за таго, што я ведаю мясцовыя мовы, магу хутчэй інтэгравацца ў культурную прастору. Думаю, што гэта вельмі важна з музычнага боку. Калі ты дырыжыруеш музыку з Італіі, Францыі ці Германіі, то трэба разумець гэтыя краіны. І яшчэ мне проста падабаецца інтэгравацца, разумець, што розныя людзі маюць нешта аднолькавае, што аб’ядноўвае», — расказвае ён.
Вясной 2022-га ў Віталя планаваліся канцэрты ў Львове, Дняпры, Харкаве і Кіеве, але з-за пачатку вайны ва Украіне ён паспеў папрацаваць толькі ў Адэсе ў пачатку лютага.
«Як артыстычны дырэктар музычнага фестывалю ў Харкаве, я заўсёды ў кантакце з людзьмі, спрабуем арганізаваць што-небудзь.
Напрыклад, вясной 2022-га зрабілі чатыры канцэрты ў Харкаве ў бамбасховішчах.
Канечне, думаем, як далей гэта можна развіваць. І тады, і цяпер такім чынам трэба казаць, што Украіна змагаецца, у яе ёсць свая культура. Нават калі мы змучаныя ад таго, што адбываецца там і ў Беларусі, усё роўна трэба ісці далей, не спыняцца», — расказвае ён.
Сілы на працу ў культурных праектах і канцэртах Віталь бярэ ў натхненні.
«Музыка мяне натхняе і дае магчымасць таксама натхняць іншых. Адбываецца абмен энергіяй. Мой досвед паказвае, што чым больш ты робіш, тым больш сіл у цябе з’яўляецца», — падсумоўвае ён.