«Сіл больш няма». Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн абвясціла аб адстаўцы

Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн абвясціла, што сыдзе з пасады прэм'ер-міністра Новай Зеландыі ў наступным месяцы. У эмацыйным выступе яна прызналася, што ў яе больш няма сіл працаваць на гэтай пасадзе.

19.01.2023 / 08:39

Фота: Nick Perry, File / AP Photo

42-гадовая Ардэрн сказала, што амаль шэсць цяжкіх год на месцы прэм'ера моцна яе выматалі.

Яна сыдзе з пасады лідара Лейбарысцкай партыі не пазней за 7 лютага. У блізкім часе адбудзецца галасаванне, каб вызначыць яе замену.

14 кастрычніка ў Новай Зеландыі пройдуць усеагульныя выбары.

Спадарыня Ардэрн сказала, што абдумвала сваю будучыню падчас летніх вакацый.

«Я спадзявалася, што знайду неабходныя сілы, каб працягваць працаваць, але, на жаль, не знайшла. Я акажу Новай Зеландыі мядзведжую паслугу, калі буду працягваць», — сказала яна.

Джасінда Ардэрн стала самай маладой жанчынай — кіраўніком урада ў свеце, калі ў 2017 годзе яе абралі прэм'ер-міністрам, тады ёй было 37 гадоў.

На гады яе лідарства прыйшлося некалькі нялёгкіх выпрабаванняў. У тым ліку пандэмія Covid-19, стральба ў мячэці Крайстчэрча і вывяржэнне вулкана на востраве Уайт-Айленд.

Nashaniva.com