Міністр інфармацыі назваў двухдзённую адсутнасць вады ў Пружанах дробнай камунальнай праблемай

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў лічыць, што «апаненты» надаюць празмерную ўвагу дробным камунальным праблемам, каб стварыць негатыўны настрой у грамадстве.

19.01.2023 / 16:03

Уладзімір Пярцоў. Фота: БелТА

Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з калектывамі дзяржСМІ і актывам горада падчас візіту ў Наваполацк.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з адключэннем вады ў Пружанах.

«Апаненты хайпуюць на дробных тэмах. У прыватнасці, разгойдваюцца, раздзімаюцца да нездаровага ўзроўню камунальныя праблемы, сітуацыя са школамі і дзіцячымі садамі і іншыя. Адзін са свежых прыкладаў — праблема водазабеспячэння ў Пружанах. І гэта яшчэ адзін спосаб апанентаў стварыць негатыўны настрой у беларускім грамадстве», — сказаў Пярцоў.

Праблемы з вадой у Пружанах узніклі раніцай 16 студзеня. Па ўсім горадзе знікла вада. Праблема была вырашана толькі пад вечар 17 студзеня. Увесь гэты час 20-тысячны горад заставаўся без вады.

Nashaniva.com