У Бярозаўскім раёне ўзялі пад ахову стаянку старажытных людзей
Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект зон аховы стаянкі перыяду мезаліту — ранняга неаліту, размешчанай на тэрыторыі Бярозаўскага раёна — каля дарогі Стрыгінь — Бяроза (на захад ад вёскі Зарэчча). Адпаведная пастанова Мінкульта апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыла моц, паведамляе БелТА.
19.01.2023 / 19:07
Праектам зон аховы вызначылі межы і зоны аховы стаянкі старажытных людзей, якая знаходзілася на левым беразе ракі Ясельда.
Цяпер на тэрыторыі стаянкі забаронена вядзенне земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, не звязаных з навуковымі пошукамі.
Прылеглыя да стаянкі ахоўная зона і зона аховы культурнага пласта ўстаноўленыя для выяўлення і даследавання магчымых археалагічных аб'ектаў і артэфактаў. Земляныя работы там могуць праводзіцца толькі пры археалагічным наглядзе.
Ахоўная зона абмежаваная плошчай урочышча. З поўначы культурны пласт стаянкі абмежаваны сельскімі могілкамі, з поўдня і захаду — лесам, з усходу — дарогай.
Стаянку старажытных людзей каля вёскі Зарэчча выявіў у 1963 годзе археолаг Уладзімір Ісаенка. Пры даследаванні шляхам павярхоўнага збору былі знойдзеныя артэфакты эпохі мезаліту і неаліту, такія як прадметы працы, вырабы з крэменю і фрагменты посуду.