Украінскі кот Сцяпан трапіў на вокладку часопіса Times Monaco
Кот Сцяпан з украінскага Харкава, вядомы дзякуючы блогу з 1,3 млн падпісантаў, трапіў на вокладку часопіса Times Манака, піша «Украінская праўда». І гэта невыпадкова.
20.01.2023 / 18:41
У сакавіку 2022 года ката, які ўжо тады быў зоркай інтэрнэту, вывезлі з Харкава ў Манака. У гэты час яго блог не абнаўляўся. Толькі пасля гаспадыня ката Ганна паведаміла, што яны са Сцяпанам у бяспецы і знайшлі прытулак у Еўропе.
«Доўгім і складаным быў для нас шлях з Харкава, які пастаянна цярпеў ракетныя абстрэлы. Манака было першым месцам у Еўропе, куды мы дабраліся і дзе знайшлі прытулак. Мы жылі там два месяцы і атрымалі вялікую дапамогу, падтрымку і клопат ад мясцовых жыхароў. І мы шчыра ўдзячныя за нашу бяспеку», — кажа гаспадыня ката Сцяпана.
Паводле яе слоў, прыгожая прырода і добрае стаўленне людзей дапамаглі сям'і акрыяць ад жахаў вайны.
Кот Сцяпан і ягоная гаспадыня сабралі тысячы еўра для дапамогі жывёлам, якія пацярпелі ад вайны.
Не так даўно кот вяртаўся ў родны Харкаў, на яго старонцы былі апублікаваныя фота на фоне абстраляных дамоў. Затым сям'я пераехала ў Львоў.
Таксама ў Сцяпана з'явілася сяброўка — кошка Стэфанія, з якой ён цяпер жыве разам.
Стэфанія і Сцяпан
Стэфанія ў Харкаве
Кот Сцяпан праславіўся дзякуючы эфектнаму фота, на якім ён сядзіць за сталом і абапіраецца на локаць, як чалавек
Сцяпан рыхтуецца да сну