Андрэй Дзмітрыеў знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага
Палітыка Андрэя Дзмітрыева перавялі з Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага. Пра гэта гаворыцца на яго старонцы ў фэйсбуку, якую вядуць паплечнікі.
21.01.2023 / 16:12
Вядома, што яго вінавацяць па «народным» 342-м артыкуле.
На мінулым тыдні праз тры дні пасля затрымання Дзмітрыева з'явілася тлумачэнне ад СК: маўляў, «у ходзе правядзення неадкладных следчых дзеянняў устаноўлена, што Дзмітрыеў браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі сталіцы ў жніўні—верасні 2020 года».
Таксама ў СК падлічылі, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года».
«Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы. Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан», — заявілі ў СК і прыклалі фота з былой першай лэдзі ЗША.