Лукашэнка пакатаў па лядовай арэне ў калясцы інваліда імперыялістычнай вайны
Прапагандысты пішуць, што трыбуны «гэтаму хлопцу апладзіравалі стоячы».
21.01.2023 / 18:25
Скрын відэа
Сёння лукашэнкаўцы зладзілі незвычайную прапагандысцкую акцыю на мінскай «Алімпік-Арэне». Аляксандр Лукашэнка пакатаў у інвалідным крэсле мужчыну, які ваяваў у шэрагах расійскай арміі на вайне ва Украіне.
Павел Прахарэнкаў, ураджэнец Данбаса, ваяваў на баку Расіі супраць Украіны. Спачатку ён служыў у так званай «народнай міліцыі ДНР» — расійскім узброеным фарміраванні, што фармальна лічылася самастойным. З пачаткам поўнамаштабнай вайны яго адправілі на перадавую.
У красавіку 2022 года мужчына падарваўся на міне, страціў адну нагу, ледзь не страціў і другую, але, пішуць прапагандысты, дапамаглі беларускія медыкі.
Цяпер Прахарэнкаў з сям’ёй жыве ў Мінску. Марыць пра беларускае грамадзянства. На якой падставе гэты чалавек можа прэтэндаваць на беларускае грамадзянства, што яго звязвае з Беларуссю і чаму ён не хоча жыць у Расіі, за якую ваяваў, прапагандысты не паведамляюць.