Мінадукацыі: адзнака за рэпетыцыю ЦЭ ні на што не паўплывае

Адзнака за рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен, які пройдзе ў Беларусі 28 студзеня, ні на што не паўплывае, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі.

23.01.2023 / 10:17

«Адзнака за рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену нікуды не пойдзе, настаўнікі не будуць яе выстаўляць у журнал ці куды-небудзь яшчэ. Гэтая адзнака патрэбная толькі самому вучню для вызначэння свайго ўзроўню падрыхтоўкі па прадмеце», — канстатавалі ў адукацыйным ведамстве.

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе па ўсёй краіне 28 студзеня. Для гэтага будуць задзейнічаныя ўсе 144 пункты ЦЭ. Навучэнцаў будуць дастаўляць туды цэнтралізавана, у суправаджэнні педагогаў. Усяго ж педагагічных работнікаў на рэпетыцыі будзе працаваць каля 8 тысяч. Мяркуецца, што яны правядуць ЦЭ ў маі.

Усяго каля 53 тысяч школьнікаў прымуць удзел у рэпетыцыйным ЦЭ. Вынікі будуць даступныя на сайце РІКВ па даных пашпарта праз 2-3 тыдні пасля здачы.

Nashaniva.com