«Прагназуе паражэнне Расіі ў вайне і што пасля гэтага ў Беларусі можа пачацца рэвалюцыя». Па даносах лукашыста, які правакуе людзей у чат-рулетцы, затрымалі яшчэ чацвярых
У Беларусі працягваюць затрымліваць людзей, якія паўдзельнічалі ў чат-рулетцы з мазырскім правакатарам.
23.01.2023 / 16:16
Віталь Палавінскі
Пра новыя затрыманні па наводцы 41-гадовага Юрыя Комара паведамляе «Вясна».
Так магілёвец, студэнт Віталь Палавінскі, у чат-рулетцы сказаў, што Расія прайграе вайну, а пасля гэтага ў Беларусі пачнецца рэвалюцыя — і яго затрымаў ГУБАЗіК.
Палавінскага справакаваў Комар — мужчына сам сказаў Палавінскаму «Жыве Беларусь» і атрымаў у адказ «Жыве Вечна».
У міліцэйскім відэа Віталь сказаў, што затрыманы за тое, што прамаўляў «дэструктыўныя лозунгі ў падтрымку Украіны», а таксама за тое, што на відэа прагназуе паражэнне Расіі ў вайне і што пасля гэтага ў Беларусі можа пачацца рэвалюцыя.
Таксама ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта Інстытута бізнэсу БДУ Данілу Гомана — у чат-рулетцы ён сказаў, што яго прадзед спальваў Хатынь.
Даніла Гоман. Фота: сацсеткі
Былі затрыманыя Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач.
Абодва мужчыны ў чат-рулетцы паразмаўлялі з Юрыем Комарам, ён у гэтым выпадку прадставіўся ўкраінцам. Затрыманыя мужчыны выказалі падтрымку Украіне і ўкраінцам, а таксама прагназавалі на паразу Расіі ў вайне.