Імаверны аўтар невядомага шэдэўра — Рафаэль. Гэта даказала тэхналогія распазнавання твараў

Новая тэхналогія распазнання твараў выявіла, што карціна, наконт аўтара якой спрачаюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з вялікай імавернасцю — шэдэўр Рафаэля, паведамляе Бі-бі-сі.

24.01.2023 / 22:39

Фота: nottingham.ac.uk

Каманда навукоўцаў з Нотынгемскага і Брэдфардскага ўніверсітэтаў выкарыстала адмыслова створаную тэхналогію для вывучэння карціны, вядомай як «тонда дэ Брэсі» (тонда — тэрмін часоў Рэнесансу ў дачыненні да твораў мастацтва, змешчаных у кола, — карцін або скульптур).

Даследчыкі параўналі твор мастацтва, які некаторыя эксперты лічылі копіяй віктарыянскай эпохі, з алтарным шэдэўрам Рафаэля «Сіксцінская Мадонна».

Было выяўлена, што падабенства паміж мадоннамі складае 97%, а параўнанне дзіцяці на дзвюх работах паказала падабенства 86%. Пры гэтым супадзенне вышэйшае за 75% лічыцца ідэнтычным.

Сістэму штучнага інтэлекту, якая распазнае твары людзей, распрацаваў прафесар візуальных вылічэнняў Брэдфардскага ўніверсітэта Хасан Угейл. Даследчык адзначае: «Калі мы глядзім на твары чалавечым вокам, заўважаем відавочнае падабенства, але камп’ютар бачыць значна больш дэталёва, чым мы, у тысячах вымярэнняў, на ўзроўні пікселяў».

На аснове апошняга, а таксама ранейшых даследаванняў навукоўцы прыйшлі да высновы, што для абедзвюх карцін выкарыстоўваліся ідэнтычныя мадэлі, і, несумненна, яны належаць аднаму і таму ж мастаку.

Nashaniva.com