У Іспаніі затрымалі пенсіянера, якога падазраюць у адпраўцы пасылак з бомбамі ў амбасаду Украіны
Арыштаваны мужчына — грамадзянін Іспаніі, які дзейнічаў сам і не звязаны з ніводнай групай.
25.01.2023 / 15:24
Пасылка, якую атрымала пасольства ў Іспаніі. Фота: «Еўрапейская праўда»
Па справе аб пасылках з бомбамі, адпраўленых у пасольства Украіны ў Іспаніі, рэзідэнцыю іспанскага прэмʼера і Мінабароны краіны, затрымалі 74-гадовага пенсіянера, паведамляе El Pais.
Па даных выдання, супрацоўнікі паліцыі арыштавалі ў горадзе Бургас на поўначы краіны 74-гадовага мужчыну як магчымага аўтара шасці пасылак з піратэхнічнымі вырабамі.
Паведамляецца, што арыштаваны мужчына, грамадзянін Іспаніі, дзейнічаў самастойна і не звязаны ні з якімі групамі. Цяпер паліцыя праводзіць ператрус па яго месцы жыхарства ў Бургасе.
Нагадаем, 30 лістапада ў пасольстве Украіны ў Мадрыдзе адбыўся выбух. Прылада была ў адной з пасылак для ўкраінскага пасла. Тады канверты і скрынкі з бомбамі атрымаў яшчэ шэраг іспанскіх ведамстваў, у тым ліку кампанія-пастаўшчык зброі Украіне, прэм’ер-міністр Педра Санчэс, Мінабароны Іспаніі і спадарожнікавы цэнтр авіябазы Тарэхон-дэ-Ардас.
У ЗША і ЕС у дачыненні гэтай рассылкі западозрылі расійскую арганізацыю «Рускі імперскі рух».