Мінюст правёў яшчэ адну атэстацыю адвакатаў, з 11-ці прайшлі толькі двое

Кваліфікацыйная камісія Мінюста працягвае пазбаўляць «нязручных» адвакатаў ліцэнзій. Чарговая атэстацыя прайшла сёння, і па яе выніках з 11 юрыстаў толькі двое не сутыкнуліся з праблемамі.

25.01.2023 / 21:56

Фота ілюстрацыйнае

Ліцэнзій пазбавілі адвакатаў Таццяну Лішанкову і Дзмітрыя Пігуля. Рашэнне прынята «ў сувязі з прымяненнем да іх Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з калегіі за здзяйсненне правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката».

Таццяна Лішанкова працавала абаронкай каардынатаркі «Лятучага ўніверсітэта» Таццяны Вадалажскай, якую ў чэрвені прысудзілі да 2,5 гадоў хіміі паводле абвінавачвання ў грубым парушэнні парадку (Частка 1 артыкула 342 КК).

Дзмітрый Пігуль абараняў у судзе аднаго з фігурантаў справы «Буслы ляцяць». Працэс па справе ішоў у закрытым рэжыме, і нават блізкія абвінавачаных не ведалі, якія эпізоды і артыкулы Крымінальнага кодэкса ставіліся ім у віну.

Таксама камісія пастанавіла, што па выніках атэстацыі адвакаты Аксана Белая, Наталля Волкава, Вольга Дзямідчык і Сяргей Дзем'янчук не могуць выконваць свае прафесійныя абавязкі «з-за недастатковай кваліфікацыі».

У дачыненні да адвакатаў Дзяніса Коўтуна, Анастасіі Малахавай, Ларысы Суслікавай прынятая пастанова аб няпоўнай адпаведнасці патрабаванням заканадаўства з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацый кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжанні «павышэння кваліфікацыі».

Не мелі падчас атэстацыі ніякіх праблем толькі Кацярына Малюкова і Іван Марчанкоў.

Nashaniva.com