МАК можа дапусціць да спаборніцтваў беларусаў і расіян, якія супраць вайны

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў пра гатоўнасць разгледзець магчымасць удзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі ў міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе пры выкананні імі «строгіх умоў». Пра гэта паведамляецца ў заяве на сайце МАК.

25.01.2023 / 23:05

Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko

Мяркуецца, што спартсмены, якім могуць даць магчымасць выступаць, павінны выконваць Алімпійскую хартыю, а менавіта: не выступаць супраць міратворчай місіі МАК, актыўна падтрымліваць вайну ва Украіне, а таксама не парушаць Сусветны антыдопінгавы кодэкс і ўсе адпаведныя антыдопінгавыя правілы і палажэнні.

«Індывідуальныя праверкі павінны праводзіцца ў дачыненні да ўсіх заяўленых спартсменаў», — адзначаецца ў заяве.

«У выпадку невыканання якім-небудзь спартсменам крытэрыяў допуску або невыканання строгіх умоў удзелу, выкладзеных вышэй, міжнародная федэрацыя і/або адпаведны арганізатар спартыўных мерапрыемстваў павінны неадкладна зняць яго са спаборніцтваў, адхіліць ад далейшых спаборніцтваў і паведаміць пра гэты інцыдэнт на разгляд МАК для прыняцця далейшых мер і санкцый», — адзначаюць у МАК.

У канцы лютага 2022 года МАК заклікаў адхіліць расійскіх і беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў з-за вайны Расіі ва Украіне. Многія федэрацыі да гэтага прыслухаліся.

Nashaniva.com