Расійскі комік Слепакоў запісаў песню пра забітага расійскага салдата. Супраць яго заклікаюць завесці «крыміналку»
«Фонд абароны нацыянальнай гістарычнай спадчыны» звярнуўся да кіраўніка Следчага камітэта РФ Аляксандра Бастрыкіна з просьбай праверыць Сямёна Слепакова на прадмет «дыскрэдытацыі» расійскай арміі з-за яго песні «Калыханка» аб загінулым расійскім салдаце.
26.01.2023 / 10:55
Раней гэты фонд звярнуўся ў Мінюст з просьбай унесці коміка ў рэестр «замежных агентаў». Яго песня, як заяўляюць у фондзе, «дыскрэдытуе выкарыстанне Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў мэтах абароны інтарэсаў Расійскай Федэрацыі і яе грамадзян, падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама іранізуе над шчырымі пачуццямі патрыятызму грамадзян РФ, якія гатовы дзеля сваёй краіны ахвяраваць самым каштоўным і нават уласным жыццём».
Слепакоў выклаў песню 24 студзеня. У калыханцы маці трохгадовага сына называе «страшным ворагам» «укранацыста», ад якога «ўсе нашы нягоды», і выказвае шкадаванне, што яе малодшае дзіця не можа адправіцца «крышыць» украінцаў. Яе старэйшы сын загінуў на вайне ва Украіне, а сярэдні — «здраднік» — зʼехаў у Еўропу, да «садамітаў».
За два дні песня набрала 470 тысяч праглядаў на ютубе.