Парламенцкая асамблея Рады Еўропы пацвердзіла супольную адказнасць за вайну кіраўніцтва Расіі і Беларусі
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рашэнне, якім зацвердзіла свае патрабаванні аб стварэнні спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі, паведамляе «Еўрапейская праўда».
26.01.2023 / 18:32
Зала пасяджэнняў ПАРЕ. Фота ілюстрацыйнае
Рэзалюцыя ПАРЕ па прававых і праваабарончых складніках агрэсіі РФ супраць Украіны стала асноўным дакументам па Украіне, які прынялі на бягучай сесіі асамблеі. У ім значная ўвага нададзеная стварэнню новага міжнародна-прававога механізму пакарання за злачынства агрэсіі.
«Не існуе іншага міжнароднага крымінальнага трыбунала, кампетэнтнага пераследваць і караць за злачынства агрэсіі, учыненае супраць Украіны», — тлумачыць свой заклік ПАРЕ.
Таксама асамблея надала асаблівую ўвагу таму, што адказнымі за злачынства агрэсіі павінны быць прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі, якія ў дакуменце згадваюцца на адным узроўні.
«Расійскія і беларускія палітычныя і вайсковыя лідары, якія планавалі, рыхтавалі, ініцыявалі або ажыццяўлялі гэтыя дзеянні, і якія мелі магчымасць кантраляваць або кіраваць палітычнымі або ваеннымі дзеяннямі дзяржавы, павінны быць ідэнтыфікаваныя і прыцягнутыя да адказнасці.
Без іх рашэння аб развязванні гэтай агрэсіўнай вайны супраць Украіны не адбылося б зверстваў, якія вынікаюць з гэтай вайны», — падкрэслівае дакумент.
Таксама ПАРЕ адзначае неабходнасць расследаваць і ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці ды абвінавачванні ў генацыдзе, якія трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда.