На мяжы з Літвой спрабавалі знішчыць літоўскую камеру відэаназірання

24 студзеня ўвечары памежнікі з літоўскага Капчамесціса зафіксавалі, як да літоўска-беларускай мяжы з боку Беларусі падышлі два чалавекі з драбінамі і спрабавалі з нейкімі мэтамі знішчыць камеру відэаназірання, паведамляе Delfi.

26.01.2023 / 19:20

Асобы, якія падышлі да мяжы, прарэзалі некалькі секцый у загародзе. Пасля гэтага яны спрабавалі нажніцамі для металу збіць відэакамеру і датчык інфрачырвонага выпраменьвання. Датчык ім удалося крыху зрушыць, але да камеры нажніцы не дацягнуліся.

Літоўскія памежнікі адзначаюць, што такія нажніцы носяць з сабой беларускія памежнікі, якія патрулююць тэрыторыю, іх таксама выкарыстоўваюць для разразання загарод, каб адкрыць праход для нелегалаў.

Пасля прыезду літоўскіх памежнікаў вандалы збеглі разам з драбінамі.

Nashaniva.com