«Убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Для Украіны гэта стратэгічна важна», — кажа палітолаг Андрэй Казакевіч
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адказвае на пытанне «Радыё Свабода», ці вядзе Кіеў закулісныя перамовы з Мінскам; тлумачыць неадназначнасць стаўлення Украіны да Святланы Ціханоўскай і мяркуе, што ў Кіеве разумеюць: ніякія «ўгоды» з Мінскам нічога не гарантуюць.
27.01.2023 / 15:31
Фота AP
— Палітычна актыўнае грамадства абмяркоўвае інфармацыю, нібыта афіцыйны Кіеў чыніць перашкоды для ўдзелу Святланы Ціханоўскай у супольных з еўрапейцамі імпрэзах. Аднак, паводле крыніц «Радыё Свабода» ў Бруселі, яны не маюць інфармацыі аб тым, што Украіна гэта робіць. Тым не менш многія ўпэўненыя, што Кіеў такім чынам імкнецца залагодзіць Лукашэнку. Ці лічыце вы, што ў Кіеве сапраўды прынялі такое рашэнне?
— Калі мы гаворым пра Украіну, то тут беларускія палітычныя аналітыкі робяць дзве памылкі. Па-першае, надта шмат арыентуюцца на выказванні, а трэба больш увагі звяртаць на справы, дзеянні.
Па-другое, існуе неразуменне інтарэсаў Украіны. Відавочна, што пасля пачатку вайны асноўная мэта Украіны ў стаўленні да Беларусі — гэта мець рычагі ўплыву на сітуацыю ў Беларусі. І дастаткова ўдалым праектам у гэтым сэнсе стаў полк Каліноўскага, існаванне якога прымушае беларускія ўлады пастаянна нервова рэагаваць. Сам Лукашэнка яго згадвае ледзьве не кожны тыдзень.
Больш за тое, некаторыя ўкраінскія палітыкі бачаць сэнс у стварэнні на аснове беларускіх вайсковых фармаванняў палітычнай арганізацыі, якая б аб’ядноўвала нацыянальна арыентаваныя і антырасійскія сілы Беларусі. Адпаведна, калі зыходзіць з жадання стварыць новы палітычны суб’ект, іншыя падобныя суб’екты так ці інакш выступаюць канкурэнтамі.
Адсюль зразумела, чаму ў Кіева стаўленне да Ціханоўскай, скажам так, даволі асцярожнае. У адпаведнасці з выбраным падыходам Кіеў не мае асаблівага жадання прызнаваць легітымнасць і абсалютны прыярытэт Ціханоўскай як лідара беларускага дэмакратычнага руху.
І я б не пагадзіўся з думкамі, што «Украіна баіцца раздражняць Лукашэнку». Гэта глупства. Калі Украіна стварае і ўсяляк падтрымлівае ўзброеныя фармаванні, якія адкрыта заяўляюць, што ў свой час гатовыя пайсці на Мінск, то вось гэта сапраўдная падстава для раздражнення і нават ваеннага адказу. На фоне гэтага афіцыйная сустрэча з Ціханоўскай у якасці «раздражняльніка» выглядае вельмі сціпла.
— Але хіба нельга пазбегнуць такой канкурэнцыі? Чаму нельга аб’яднаць патэнцыялы штаба Ціханоўскай і палка Каліноўскага? Тым больш, што, наколькі вядома, прадстаўнікі Ціханоўскай увесь час спрабуюць наладзіць пэўны кантакт?
— Па-першае, сярод многіх беларускіх нацыянальна арыентаваных палітыкаў ёсць насцярожанасць і нават варожасць у дачыненні да Ціханоўскай. Дастаткова паглядзець тэматычныя онлайн-рэсурсы. На некаторых з іх крытыцы офісу Ціханоўскай адводзіцца больш месца, чым крытыцы Пуціна і Лукашэнкі. Маўляў, гэта «маскоўскі» праект, карумпаваны асяродак і г. д. Але, акрамя гэтых закідаў, маюць месца рэўнасць ды канкурэнцыя. Прызнанне Ціханоўскай для такіх лідараў, як Пазняк, — гэта страта асабістых амбіцый.
Аднак, магчыма, гэта ўсё будзе пераадолена ці знікне па меры афармленьня ў Кіеве новага палітычнага суб’екта. Напэўна, потым будзе ісьці пошук устойлівых фарматаў працы з Офісам і кабінетам Ціханоўскай.
Для ўкраінскіх жа палітыкаў пакуль незразумела, што можа даць такое аб’яданне. Ім было б зручней працаваць і з адной, і з другой групай, каб па-рознаму ўплываць на беларускае грамадства.
— Украіну не бянтэжыць, што яны ставяцца да Ціханоўскай зусім па-іншаму, у адрозненне ад сваіх асноўных палітычных партнёраў на Захадзе?
— Кіеў вымушаны гуляць на беларускім полі значна больш актыўна, чым гэта робяць заходнія сталіцы. Заходнім палітыкам прасцей прызнаць адзіны цэнтр у асобе Ціханоўскай, працаваць з ім, а ва ўнутраную «кухню» не ўмешвацца. Ва ўмовах вайны Украіне важна мець магчымасць уплываць.
Калі рэканструяваць актуальную ўкраінскую стратэгію да Беларусі, то яе можна звесці да двух прынцыпаў. Па-першае, падтрымка антырасійскіх сіл і настрояў у Беларусі. Па-другое, спрабаваць парушыць бесперабойнае функцыянаванне альянсу Пуціна і Лукашэнкі — павысіць недавер, пасеяць сумневы, перасцярогі, можна нават нешта прапанаваць. Украіна спрабуе рабіць першае і другое адначасова, таму захады Кіева ў інфармацыйным полі, асаблівую пазіцыю адносна санкцый варта разглядаць часткай гэтага працэсу.
— Менавіта на гэтую тэму з'явілася некалькі цікавых заяваў. Лукашэнка яшчэ на сустрэчы з Лаўровым «пахваліў» Украіну, якая не нападае на Беларусь, хаця, маўляў, Захад яе да гэтага і прымушае. Потым заявіў, што Кіеў прапаноўвае яму падпісаць акт аб ненападзенні. Ці сапраўды вядуцца нейкія закулісныя перамовы, або Лукашэнка проста такім чынам выкарыстоўвае інфармацыйнае поле?
— Думаю, найперш гэта закранае інфармацыйную сферу. Але вядома, пэўныя кантакты ёсць. Я думаю, украінцы разумеюць, што максімум, чаго яны тут могуць дабіцца, гэта паспрабаваць убіць нейкі клін паміж Пуціным і Лукашэнкам, павысіць узровень недаверу паміж імі; можа быць, сарваць асобныя інтэграцыйныя ініцыятывы. Але я думаю, Кіеў разумее, што калі Крэмль прыме рашэнні наступаць з Беларусі, то гэта будзе зроблена. Лукашэнка гэтаму перашкаджаць не будзе і не можа. Таму ніякія «ўгоды» з Мінскам нічога не гарантуюць. Але трэба прынамсі спрабаваць аслабіць расійскія пазіцыі ў Беларусі, зрабіць альянс з Мінскам не такім простым і зручным.
Калі глядзець на дзеянні, а не словы, то мы бачым, што Украіна рыхтуецца да магчымай абароны ад нападу з поўначы. Узмацняе мяжу, трымае тут пэўныя сілы. Нішто не сведчыць, што Кіеў усур’ёз вядзе нейкія перамовы і спадзяваецца, што дамоўленасці з Лукашэнкам могуць прадухіліць нападзенне з беларускага кірунку.
Разам з тым кантакты паміж Мінскам і Кіевам ёсць. Тычацца яны вайны, гуманітарных пытанняў. Магчыма, эканомікі, тых жа нафтапрадуктаў і некаторых іншых тавараў. Але я не думаю, што нейкая істотная дамова паміж Мінскам і Кіевам магчымая. Яна немагчымая, бо ёсць чыннік Расіі, які і вызначае, якімі будуць стасункі Мінска і Кіева.
— Той скандальны момант, калі Зяленскі не згадаў Беларусь у прамове пра паўстанне 1863 года, ці сведчыць гэта, сярод іншага, што Кіеў ігнаруе пачуцці дэмакратычных праеўрапейскіх беларусаў, наўмысна не адрознівае Беларусь лукашэнкаўскую ад Беларусі дэмакратычнай? Можна ўспомніць і той факт, што ва ўсіх украінскіх прэзідэнтаў былі добрыя адносіны з Лукашэнкам, а не з тымі сіламі, якія яму супрацьстаяць.
— Па-першае, я б не перабольшваў дасведчанасць у беларускай гісторыі спічрайтараў, якія пішуць прамовы Зяленскаму. Магу сказаць, што і ў літоўскай, і нават у польскай гістарыяграфіі часам складана знайсці беларускі элемент у паўстанні 1863-1864 гадоў. Для ўкраінцаў гэтае паўстанне — далёкая і невядомая перыферыя гістарычнай памяці. Зусім нядаўна была глыбокая дыскусія з украінскімі гісторыкамі, і асноўная выснова, якую можна зрабіць: Беларусі проста няма ва ўкраінскім поглядзе на гісторыю.
Што тычыцца таго, ці раздзяляюць у Кіеве беларускія ўлады і беларускае грамадства, то такі падзел робіцца. Сацыялогія паказвае, што 60-70 працэнтаў украінцаў ведаюць пра полк Каліноўскага, рэйкавых партызан, беларускую апазіцыю. Хаця, натуральна, хапае і тых, для каго свет пасля 24 лютага стаў чорна-белым.