У цяжкія часы жанчынам падабаюцца іншыя мужчыны, а сэксуальныя перавагі мужчын таксама змяняюцца
Аказваецца, на перавагі ў каханні ўплывае тое, што дзеецца ў свеце.
28.01.2023 / 21:09
Даследчыкі з Амстэрдамскага вольнага ўніверсітэта высветлілі, што ў нестабільныя часы — напрыклад, такія, як цяпер — перавага жанчын схіляецца ў бок больш брутальных мужчын. Пад брутальнымі эксперты разумеюць мужчын з большым носам і падбароддзем, больш вуглаватай сківіцай і вышэйшымі скуламі, тлумачыць Daily Mail.
Пры гэтым аказалася, што ў тых жа ўмовах мужчынам больш падабаюцца дамы з больш лагоднымі рысамі твару, поўнымі вуснамі і шчокамі.
Прасцей кажучы, у крызісныя часы беларускі хутчэй выбяруць Кастуся Каліноўскага…
ці Віталя Гуркова…
а беларусы аддадуць перавагу Кацярыне Ваданосавай.
Кацярына Ваданосава. Фота: сацсеткі
Праца нідэрландскіх вучоных апублікаваная ў выданні European Journal of Social Psychology. Даследаванне складалася з трох частак. Падчас дзвюх першых рэспандэнтаў прасілі спачатку напісаць пра стабільны ці нестабільны перыяд у сваім жыцці, а потым расказвалі пра перавагі ў выбары партнёра: у першым выпадку ацэньвалі мужчынскія і жаночыя твары, у другім — расказвалі, які партнёр іх бы больш прыцягваў. Што да трэцяга этапу, падчас яго рэспандэнты злучалі мужчынскія і жаночыя партрэты з апісаннем рыс характару, якія, верагодна, належаць людзям на партрэтах.
Даследчыкі тлумачаць вынікі тым, што калі ўсё ў жыцці і так складана, людзям хочацца бачыць ля сябе партнёра ці партнёрку са стэрэатыпнымі рысамі твару. Напрыклад, мужчыны выбіраюць партнёрак са знешнасцю, якая нібыта сведчыць пра клапатлівы характар, а жанчыны шукаюць моцных мужчын, якія зробяць свет вакол іх больш прадказальным. То-бок нашы крытэрыі выбару партнёраў могуць змяняцца пад уплывам навакольных абставін, напрыклад, праз адчуванне нестабільнасці, выкліканае непрадказальнымі падзеямі.