Амерыканскі генерал заклікаў падначаленых рыхтавацца да вайны з Кітаем у 2025 годзе
Кіраўнік камандавання паветраных перакідак, генерал ваенна-паветраных сіл ЗША Майк Мініхан заявіў, што вайна паміж Кітаем і ЗША з-за Тайваня можа пачацца ў 2025 годзе. Пра гэта ён напісаў у службовай запісцы, накіраванай падначаленым, паведамляе NBC News.
28.01.2023 / 11:48
«Спадзяваюся, я памыляюся. Інтуіцыя падказвае мне, што ваяваць давядзецца ў 2025 годзе», — сказана ў паведамленні генерала. Майк Мініхан адзначыў, што ў 2024 годзе і ў ЗША, і на Тайвані пройдуць прэзідэнцкія выбары, і старшыня КНР Сі Цзіньпін можа скарыстацца гэтым, каб паспрабаваць захапіць Тайвань.
Камандуючы даручыў афіцэрам да 28 лютага далажыць аб усіх буйных мерапрыемствах, звязаных з падрыхтоўкай да бітвы з Кітаем. Таксама афіцэрам загадалі ў сакавіку «разгледзець свае прыватныя справы» і вырашыць юрыдычныя пытанні.
Прадстаўнік камандавання паветраных перакідак пацвердзіў сапраўднасць адпраўленай службовай запіскі. Ён адзначыў, што загады генерала заснаваныя на намаганнях, якія праводзіліся яшчэ ў 2022 годзе для падрыхтоўкі «да будучага канфлікту, калі стрымліванне не спрацуе».
Прадстаўнік міністэрства абароны ЗША, у сваю чаргу, заявіў, што каментарыі Майка Мініхана «не адлюстроўваюць пункт гледжання міністэрства на Кітай», а Пентагон імкнецца захаваць Інда-Ціхаакіянскі рэгіён «мірным, свабодным і адкрытым».