«Дзе вы былі, калі мы ваявалі за Ічкерыю?» Кадыраў нечакана абвінаваціў Захад у няўдачах чачэнскіх незалежнікаў

Рамзан Кадыраў раскрытыкаваў прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, які нядаўна заявіў, што Чачня заслугоўвае быць незалежнай дзяржавай. У самім факце крытыкі заходніх лідараў з боку прамаскоўскага кіраўніка Чачні нічога сенсацыйнага няма, але гэтым разам ён зайшоў з зусім нечаканага боку. 

30.01.2023 / 23:39

«Ён кажа, што трэба падтрымаць Ічкерыю.

У мяне пытанне: дзе вы былі, калі мы ваявалі за Ічкерыю, калі мы адстойвалі інтарэсы незалежнасці, чаму еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Украіна, не падтрымалі нас, а сёння раптам вы вырашылі падтрымаць неіснуючую дзяржаву?»

— заявіў Кадыраў у відэазвароце, апублікаваным 28 студзеня ў яго тэлеграм-канале.

Кіраўнік Чачні адзначыў, што «быў заўзятым ічкерыйцам, і нам не давалі будаваць дзяржаву менавіта вы», маючы на ўвазе краіны Захаду. Між тым афіцыйная рыторыка расійскіх уладаў і прапагандыстаў сцвярджае акурат наадварот — што якраз Захад нібыта падтрымліваў сепаратызм у Чачні, і ў гэтым была ўся праблема. 

Праўда, цяпер Рамзан Кадыраў незалежнай дзяржавы ўжо не хоча, бо пераканаўся, што не патрапіць ёй кіраваць без датацый з Масквы: «І сёння, як бы ні хацелі асобную дзяржаву, мы ніяк не можам існаваць [як асобная дзяржава], таму што паўтара мільёна насельніцтва [трэба] карміць, апранаць, абуваць, вучыць, дашкольныя, сацыяльныя пытанні, будаўніцтва, іншыя праграмы і праекты — нам гэтага не пацягнуць. Таму ва ўсіх сэнсах ва ўсіх напрамках наш народ зрабіў правільны выбар. І з кожным годам, з кожным днём мы пераконваемся ў гэтым», — сказаў ён у сваім звароце.

У Еўропе тэму незалежнай Чачні пачалі абмяркоўваць пасля таго, як у кастрычніку 2022 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла пастанову, у якой абвясціла Чачэнскую Рэспубліку Ічкерыя тэрыторыяй, «часова акупаванай РФ».

Nashaniva.com