Арабскі свет больш не падтрымлівае дзеянні Расіі 

Гэта адна з высноў грунтоўнага статыстычнага даследавання, якое ў 2022 годзе праводзілася ў арабскіх краінах.

01.02.2023 / 21:32

Фота: pixabay

Пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы на фоне вайны ва Украіне, унутраных палітычных рэпрэсій, эканамічных праблем і санкцыйнага ціску вельмі любяць сябе супакойваць тым, што супраць іх ваюе выключна Захад, які ўяўляе сабой толькі маленькую частку планеты (з самымі высокімі паказчыкамі ВУП і ВПК), а ўся астатняя «сусветная большасць» нібы з вялікай радасцю іх падтрымлівае або, як мінімум, застаецца нейтральнай. 

У прыклад яны нярэдка прыводзяць краіны арабскага свету, упэўніваючы, што гэта адны з іх найлепшых сяброў і супраць палітыкі дзвюх краін нічога не маюць. Але ці так гэта на самай справе?

Нядаўна выйшла справаздача Арабскага цэнтра даследаванняў і вывучэння палітыкі (ACRPS) за 2022 год з вялікім масівам статыстычнай інфармацыі, якая прысвечана настроям жыхароў 14 арабскіх краін і іх стаўленню да самых розных тэм: ад пытанняў узроўню жыцця, рэлігіі і сацыяльных сетак да пытанняў дэмакратыі, рэгіянальнай бяспекі і міжнароднай палітыкі.

У апытанні Arab Opinion Index, заснаваным на асабістых інтэрв'ю з удзелам 33 тысяч рэспандэнтаў, таксама абмяркоўвалася стаўленне да Расіі ў кантэксце яе дзейнасці ў свеце і асабліва ў арабскім рэгіёне. Мы прачыталі гэта даследаванне і прыводзім ніжэй кароткую інфармацыю пра тое, што арабскі свет увогуле думае пра расійскую палітыку.

Расія ўваходзіць у топ-5 краін, якія пагражаюць стабільнасці і бяспецы арабскага свету

Паводле апытання, сярод краін, чыя палітыка нясе пагрозу арабскім краінам, самымі небяспечнымі лічацца Ізраіль (84%) і ЗША (78%).

Следам за імі ў якасці галоўных пагроз арабскаму свету ідуць Іран і Расія, прычым абедзве краіны, на думку рэгіянальнай грамадскасці, нясуць аднолькавую небяспеку — за іх прагаласавалі па 57% апытаных рэспандэнтаў.

Крыніца: arabindex.dohainstitutе

Таксама ў кантэксце рэгіянальнай палітыкі асобна разглядаецца сітуацыя з Палесцінай. 

Меркаванне ўдзельнікаў апытання, разбітае па арабскіх рэгіёнах, паказвае на пераважна негатыўнае стаўленне да палітыкі Расіі ў гэтым пытанні — агулам 58% супраць і толькі 23% за.

Крыніца: arabindex.dohainstitutе

Што тычыцца міжнароднага выкліку, а менавіта ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, то сярод апытаных увогуле толькі 19% лічаць падобныя дзеянні апраўданымі ці часткова апраўданымі. А амаль палова (44%) рэспандэнтаў усіх арабскіх краін лічыць гэта недапушчальным і неапраўданым. 

Дыяграма 86 паказвае, што ні ў адной з пералічаных арабскіх краін Расія ў гэтым выпадку не мае пераважнай падтрымкі. Адзіная такая-сякая падтрымка ў Расіі ёсць толькі ў Алжыры — 5% (праўда, пры гэтым астатнія 94% зусім не вызначыліся).

У той жа момант у Катары, Кувейце, Тунісе, Іарданіі, Іраку, Маўрытаніі і Егіпце абсалютная большасць рэспандэнтаў выступае супраць расійскай агрэсіі ва Украіне (у гэтых арабскіх краінах супраць вайны выступаюць 50% і вышэй).

Крыніца: arabindex.dohainstitutе

Arab Opinion Index 2022 — ужо восьмае па ліку статыстычнае апытанне ў арабскіх краінах. Гэта штогадовае апытанне — найбуйнейшае даследаванне грамадскай думкі ў арабскім свеце пры агульных афіцыйных адхіленнях меркаванняў плюс-мінус 2—3%. З поўнай справаздачай на англійскай мове за 2022 год вы можаце азнаёміцца ​​тут.

Чытайце яшчэ:

Якія санкцыі здольныя прывесці да змены рэжыму? Адказвае прафесар Сонін 

Борыс Джонсан назваў памылку Захаду, без якой не было б вайны РФ ва Украіне 

Міжнародная федэрацыя журналістаў выключыць Саюз журналістаў Расіі 

Nashaniva.com