Дэндзі беларускай апазіцыі. Што можна сказаць пра вінтажны пухавік Пазняка
Днямі кіраўнік КХП-БНФ Зянон Пазняк наведаў прыфрантавы Бахмут, дзе сустрэўся з байцамі палка Каліноўскага. Паездка ўскалыхнула сацыяльныя сеткі — абмяркоўвалі не толькі сам візіт, але і вінтажны пухавік палітыка.
01.02.2023 / 21:25
Зянон Пазняк падчас візіту ва Украіну сустрэўся з жонкай Васіля Парфянкова, загінулага беларускага добраахвотніка. Фота: фэйсбук Аляксея Францкевіча
Зянона Пазняка можна аднесці да палітычных доўгажыхароў: яго зорка ўзышла пры канцы 80-х гадоў. Многія выступленні Пазняка становяцца віруснымі. Імёны, якія згадваюцца ў прамовах Зянона Станіслававіча, час ад часу мяняюцца, нязменным застаецца толькі адно — стыль беларускага дзеяча.
Дэндзі беларускай палітыкі 90-х
Зянон Пазняк займае вельмі значнае месца ў шэрагах «старой» беларускай апазіцыі, аднак найбольшы ўплыў на палітычны ландшафт краіны ён аказваў з канца васьмідзясятых да моманту сваёй эміграцыі ў 1996 годзе. Менавіта ў гэты перыяд сфармаваўся звыклы вобраз палітыка — вывераны, ахайны, смелы.
У пачатку 90-х ён апранаўся не проста модна — ён меў добры густ: міксаваў складаныя прынты кашуль і гальштукаў, насіў берэт і трэнчы.
Зянон Пазняк. Фота: архіў udf.by
У адрозненне ад многіх калег, ад якіх на той момант усё яшчэ веяла савецкасцю, Пазняк нагадваў хутчэй заходняга дыпламата, чым слугу народа мясцовага разліву.
Снежань, 1990. Зянон Пазняк у клятчастым паліто на месцы апаганеных пахаванняў у Курапатах. Фота: planetabelarus.by
Да выбараў 1994 года Пазняк падышоў з іміджам інтэлігента, які клапоціцца пра культурнае адраджэнне Беларусі. Лукашэнка меў іншы імідж — агрэсіўнага і напорыстага папуліста.
Розніца ў пасылах добра бачная на агітацыйных плакатах таго часу: Пазняк у гальштуку з беларускім арнаментам і лёгкай усмешкай на фоне Лукашэнкі са сціснутымі рукамі на пярэднім плане, якія трансліруюць гатоўнасць да рашучых дзеянняў.
Агітацыйныя плакаты Пазняка і Лукашэнкі, прэзідэнцкая кампанія — 1994
Аднак няўдача на выбарах не пагасіла энтузіязму палітыка. Пазняк выступаў у ролі процівагі да новай улады, а яркі стыль, сфармаваны ў тыя гады, стаў візітнай карткай, якую ён эксплуатуе дагэтуль.
«Мінская вясна», 1996 год. Выступленне Зянона Пазняка. Фота: Георгій Ліхтаровіч, vytoki.net
Разумная беражлівасць
У публічнай прасторы можна сустрэць гісторыі пра беражлівасць Зянона Станіслававіча і пра яго аскетычны падыход да гардэробу. Аднак рэч не толькі ў беражлівасці. Уражанне, быццам «адзенне Пазняка пераехала з дзевяностых», узнікае дзякуючы тонкаму чуццю палітыка.
Кожны грамадскі дзеяч ведае, что паспяховы імідж — важны інструмент: ён дапамагае стаць вядомым і дазваляе замацавацца ў грамадскім дыскурсе.
Нават знаходзячыся ўнутры краіны, дабіцца вядомасці дастаткова складана, не кажучы пра пазнавальнасць пасля чвэрцьвекавой эміграцыі. Таму «закансерваваць» і падтрымліваць стыль, добра знаёмы электарату, — найлепшае рашэнне, якое свядома ці інтуітыўна прыняў Пазняк.
(гартайце ніжэй, каб прачытаць працяг)
Так, у гардэробе Зянона Станіслававіча мы можам знайсці рэчы, да болю падобныя адна да адной, якія па стылі нагадваюць адзенне яго залатых часоў. Напрыклад, як гэтыя зялёныя кашулі.
На прэзентацыі сваіх кніг у Варшаве ў 2010 годзе. Фота: «Еўрарадыё»
2019 год. Фота: радыё «Свабода»
2022 год, падчас інтэрв'ю каналу «Жыццё-маліна»
Або нязменная палоска ў спалучэнні з акцэнтным гальштукам.
Пазняк у другой палове дзевяностых (злева) і ў 2021 годзе
Пазняк добра ведае густы сваёй аўдыторыі. Ён адаптуе свой стыль да розных сітуацый: там, дзе трэба прадэманстраваць палітычную вагу і паспяховасць, ён выбірае цалкам сучасны смарт-кэжуал з акцэнтам на важкі залаты гадзіннік.
У эфіры радыё «Рацыя», 2022 год
Дасведчаныя палітыкі, да ліку якіх адносіцца Зянон Пазняк, не баяцца насіць і эканомны вінтаж — гэта таксама адрознівае яго ад многіх іншых публічных персанажаў.
Зміцер Шчыгельскі, Зянон Пазняк і Павел Вусаў, 29 студзеня 2023 года, Бахмут, Украіна. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Беларусы павінны прывыкнуць да думкі, што палітыка — гэта звычайная праца, якая павінна быць аплачана. І на свой заробак палітыкі маюць права купляць усё, што заўгодна.