На гарналыжную трасу ў Сочы прыйшоў бык і стаў бадацца
Як паведамляе тэлеграм-канал Mash, на гарналыжнай трасе курорта «Роза Хутар» у расійскім Сочы раптам немаведама адкуль з'явіўся бык, які паводзіў сябе даволі агрэсіўна і бадаў лыжнікаў ды сноўбардыстаў.
02.02.2023 / 19:26
Якім чынам жывёліна з суседняй пашы здолела пераадолець сеткавую агароджу трасы і апынулася на схіле, на якім бавілася шмат лыжнікаў і сноўбардыстаў, не паведамляецца.
Спрабуючы ўцячы з трасы, бык пачаў кідацца з боку ў бок, а калі здабыць свабоду не ўдалося, то пачаў бадаць турыстаў, што трапляліся на яго шляху.
Урэшце на схіле гары з'явіліся ратавальныя службы, якія звакуявалі людзей у бяспечнае месца і прыступілі да адлову жывёліны. Сур'ёзна ў выніку ніхто не пацярпеў.