Украіна адпраўляе ў абясточаную Адэсу ўсе магутныя генератары

Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль даручыў накіраваць у Адэсу, якая засталася без электрычнасці з-за аварыі на падстанцыі, усе магутныя генератары, якія ёсць у наяўнасці ў Міністэрства энергетыкі.

04.02.2023 / 16:38

Генератары павінны даставіць у горад, абясточаны на працягу сутак.

«Таксама ў горад павінна быць перавезеная газатурбінная электрастанцыя магутнасцю 25 МВт, прадстаўленая нашымі партнёрамі з ЗША. Даў таксама задачу МЗС звярнуцца ў Турцыю за дадатковай падтрымкай у выглядзе суднаў-электрастанцый», — напісаў прэм'ер у сябе ў тэлеграм-канале.

Маштабная аварыя на падстанцыі НЭК «Укрэнерга» адбылася ў суботу раніцай. Са слоў Шмыгаля, раней гэтая падстанцыя была неаднаразова пашкоджаная ў выніку расійскіх нападаў.

Па інфармацыі карыстальнікаў сацсетак, гаворка ідзе пра падстанцыю «Усатава» у ваколіцах Адэсы, дзе раніцай у суботу адбыўся моцны пажар. Па паведамленні мэрыі Адэсы, увесь горад і частка Адэскага раёна часова абясточаныя.

Аб прычынах інцыдэнту інфармацыі пакуль няма.

Прэм'ер-міністр напісаў, што ў першую чаргу будуць забяспечаныя энергіяй крытычна важныя аб'екты інфраструктуры і шматкватэрныя дамы, у якіх ад электрычнасці залежыць цеплазабеспячэнне.

Nashaniva.com