Агульная дыспансерызацыя — як яна выглядае? Выпрабавана на сабе

З 1 студзеня дыспансерызацыя стала абавязковай для ўсіх беларусаў. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што гэтая працэдура зойме адзін дзень, які павінен быць выхадным і аплачаным наймальнікам. Карэспандэнт Intex-press выпрабаваў на ўласным досведзе, што такое дыспансерызацыя і што ў яе ўваходзіць.

04.02.2023 / 20:06

Баранавіцкая цэнтральная паліклініка. Усе фота: Intex-press

Як тлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя, галоўная задача ў рамках дыспансерызацыі — ахапіць усе катэгорыі насельніцтва, але не перагружаць пацыентаў лішнімі аналізамі і кансультацыямі. 

«Не зразумела, што гэта было, а аказалася — дыспансерызацыя»

Прайсці дыспансерызацыю я вырашыла пасля таго, як мая калега выйшла на працу пасля бальнічнага і падзялілася сваёй гісторыяй. Паводле яе слоў, тэрапеўт гарадской паліклінікі №4, закрываючы бальнічны ліст, папрасіла зазірнуць яе ў іншы кабінет. Навошта, не растлумачыла.

— На дзвярах кабінета не было ніякіх апазнавальных знакаў. У чарзе была яшчэ адна жанчына, — расказвае калега. — Чакаць прыйшлося нядоўга, нас адначасова запрасілі, выдалі ручкі і папрасілі запоўніць па дзве анкеты.

У анкетах былі пытанні пра стан здароўя і схільнасць да хвароб, таксама цікавіліся шкоднымі звычкамі.

— Я запоўніла іх літаральна за пару хвілін, пасля чаго мяне ўзважылі, абмералі талію і паведамілі, што на гэтым усё, — кажа калега. — Я не зразумела, што гэта было, а калі пацікавілася, аказалася — дыспансерызацыя.

Калега была ў шоку, што гэта — «той самы медагляд, які Міністэрства аховы здароўя маштабна анансавала на пачатку года і дзеля якога на працах даюць аж цэлы аплатны выхадны».

 — Мне не выдалі ніякіх накіраванняў на аналізы або іншыя абследаванні, а проста ўзважылі і абмералі талію. Усё гэта можна было б спісаць на тое, што я была на бальнічным і ў мяне бралі ўсе неабходныя аналізы, але не. Я нават не памятаю, калі апошні раз іх здавала… — тлумачыць яна.

Няўжо дыспансерызацыя праходзіць вось так?

Флюараграфія — раз на тры гады, халестэрын — раз на пяць гадоў

Перад тым, як адправіцца ў сваю паліклініку, я вырашыла падрыхтавацца. Аказалася, што Міністэрствам аховы здароўя вызначаны тры ўзроставыя групы, якія адрозніваюцца паміж сабой рэгулярнасцю аглядаў, даследаваннямі і дыягностыкай.

Я ўваходжу ў другую: ад 18 да 39 год. Таму са мной, паводле спісу, павінны адзін раз на тры гады праводзіць анкетаванне, аглядаць поласць рота, мераць рост, вагу акружнасць таліі і артэрыяльны ціск, вызначаць індэкс масы цела. Таксама адзін раз на пяць гадоў мне неабходна здаваць аналіз на агульны халестэрын і раз на тры гады рабіць рэнтгенаўскі здымак, праходзіць агляд у гінеколага.

Калі па выніках анкетавання ці агляду выявяць нейкія адхіленні, то мне могуць падабраць лячэнне па тым ці іншым захворванні ці адправіць на дадатковыя абследаванні.

Як запісацца на дыспансерызацыю

Я адношуся да цэнтральнай паліклінікі, таму на дыспансерызацыю мне трэба туды.

Патрапіць на гэтую «працэдуру» можна, патэлефанаваўшы ў рэгістратуру і запісаўшыся на зручны час, ці прыйшоўшы ў паліклініку асабіста. Жадаючых прайсці дыспансерызацыю прымаюць у спецыяльна адведзеным для гэтага кабінеце, які працуе ў будні з 8.00 да 20.00. Як адзначылі ў рэгістратуры, «запіс ёсць на любы зручны для пацыента час».

Магчымы другі варыянт: запісацца на прыём да свайго ўчастковага тэрапеўта і паведаміць, што жадаеце прайсці дыспансерызацыю там. Я выбрала яго, бо мне ўсё роўна трэба было патрапіць да тэрапеўта.

«Што ты зрабіў, каб быць здаровым?»

У фае паліклінікі, куды я прыйшла ў 10.30 (талончык у мяне быў на 10.45), адразу кінуўся ў вочы вялікі банар, які літаральна «крычаў» аб тым, што трэба клапаціцца пра сваё здароўе: «Што ты зрабіў, каб быць здаровым?», «Знайдзі час для свайго ЗДАРОЎЯ!», «Не згубі магчымасць! Прайдзі дыспансерызацыю!». А ўнізе тры пытанні, і «нават калі ты адказаў на ўсе «так», усё роўна запрашаюць на дыспансерызацыю.

 

Фота: Intex-press

Трэба ж, як матывуюць. Ну што ж, паехалі.

Выдалі цэлы стос паперак

На прыёме я паведаміла свайму ўчастковаму, што хацела б прайсці дыспансерызацыю. Мне далі ручку, анкету і сказалі запаўняць.

У анкеце 25 пытанняў. Усё пра стан майго здароўя і схільнасці да хвароб, у тым ліку на генетычным узроўні. Варыянты адказаў: «так», «не» ці «цяжка адказаць».

 

Анкета, якую неабходна запоўніць падчас праходжання дыспансерызацыі. Фота: Intex-press

Таксама ў анкеце трэба было пазначыць сваю вагу. Я яе не ведала і сказала пра гэта. Мяне тут жа ўзважылі (сказалі не разувацца). А вось пра рост, акружнасць таліі, індэкс масы цела і артэрыяльны ціск нават не ўспомнілі.

На запаўненне анкеты спатрэбілася некалькі хвілін.

Затым доктар выдала мне цэлы стос паперак: накіраванні на флюараграфію, ЭКГ, агульны аналіз крыві і мачы, аналіз на халестэрын і глюкозу, а таксама на кансультацыю да гінеколага. Бонусам мне чамусьці дасталася накіраванне на аналіз калу на схаваную кроў, які ўваходзіць у спіс даследаванняў для беларусаў ад 40 гадоў і старэйшых. Зрэшты, доктару лепш відаць.

Пасля ўсіх аналізаў і даследаванняў мне трэба было зноў прыйсці да тэрапеўта. Раптам спатрэбіцца дадатковая дыягностыка ці лячэнне.

Прайсці дыспансерызацыю за адзін дзень не атрымалася

Ужо выйшаўшы з кабінета тэрапеўта, я паглядзела на ўсе гэтыя паперкі і зразумела, што аналізы здаць у гэты дзень я ўжо не змагу. Па-першае, іх прымаюць да 11.00 (я ўжо не паспявала). Па-другое, я ж з раніцы паснедала — які аналіз на глюкозу?

 

Фота: Intex-press

Вырашыла прайсці хаця б флюараграфію. Чарга на «фота» лёгкіх аказалася вялізнай. Перада мной было каля 15 чалавек. Я мужна дачакалася сваёй чаргі, зрабіла здымак і зразумела… што ўжо абед, на аналізы давядзецца ісці на наступны дзень, да гінеколага таксама трэба папярэдне запісацца.

Увогуле, у маім выпадку прайсці дыспансерызацыю за адзін дзень ніяк не ўдалося.

Nashaniva.com